Галактычны лісапед і ўсё такое

Прызнаем адразу: “Дзівоснае лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага” – добрая кніга. Калі маеце пачуццё гумару, кніга спадабаецца вам нават больш, чым дзецям.

[НЕЛІРЫЧНАЕ АДСТУПЛЕННЕ]

Вы бачылі хоць адну значную дзіцячую кнігу, якая не мела б схаваны мэсэндж да чытача “дарослага”? Дзіцячых пісьменнікаў, мне здаецца, увогуле не існуе. Ёсць проста пісьменнікі, якія пры наяўнасці адпаведнага жадання ствараюць рэчы, цікавыя адначасна дзецям і дарослым. І ёсць кепскія аўтары, якія пішуць рэчы прымітыўныя – толькі з тае нагоды, што дзеці бачацца ім гэткімі ж прымітыўнымі істотамі.

Смешныя развагі пра тое, што не створыш геніяльны сюжэт (варыянт: не разгорнешся ва ўсім харастве роднай мовы), пішучы для пяцігадовых. Ці гадавалых. Помніцца адна шведская кніжка, адрасаваная дашкалятам. Тая кніжка распавядала трагедыю Гамлета. Для адраснай аўдыторыі гэта сапраўды быў сціслы (вельмі сціслы) пераказ драмы. Для чытача катэгорыі 15+ -- неймаверна смешная гісторыя (неўміручая рэч – чорны гумар).

Давялося неяк бачыць адстаўнога генерала, які пісаў байкі, жудасныя ў сваёй бездапаможнасці. Пасля бліскучага выступу генерал паведаміў (не без гонару): ён піша вершы, бо ў рыфму пісаць складаней. А прозу пісаць нецікава, бо надта проста.

Аўтары, якія падсоўваюць дзецям бясконцыя гісторыі пра вавёрак і зайчыкаў; альбо тыя, хто ў кожны радок падшывае “кампутар” і “далькажык”, каб паказаць, што ён з імі знаёмы; альбо тыя, хто прыхоўвае мараль так грацыёзна, што ў чытача зводзіць сківіцы, -- усе яны пішуць тую самую “генеральскую прозу” – пустую, бо нічога ў яе не ўкладзена.

А цяпер – да шаноўных паноў.

Новая кніга Пятра Васючэнкі мае некалькі прывабных (яны ж вызначальныя) рысаў: у яе арыгінальны сюжэт; яна вясёлая; яна напісаная мовай, якая сапраўды існуе, а не выводзіцца ў інкубатары.

Але самае значнае – узрост магчымага чытача. Ён неабмежаваны. Чытаць яе можна ад таго самага моманту, калі ты ўласна навучыўся гэта рабіць, і да таго часу, пакуль не перастанеш чытаць… з тэхнічных прычынаў.

Калі казаць пра дзяцей, іх у казцы Васючэнкі найперш зачпэпіць сюжэт. Самае галоўнае – тут ёсць падарожжа з прыгодамі. Гэта значыць – заўжды трымаецца інтрыга. Як жа складаную сітуацыю вырашыць герой?..  Кожны раздзел мае такую мікрапраблему, кожны раздзел – асобная гісторыя з завязкай і развязкай.

Наступны “кручок” – тэмы. Першая частка казкі, уласна да падарожжа паноў, напоўненая ўсялякай жыўнасцю. Пачынаючы ад планктону ў сажалцы – заканчваючы дзівоснымі мутантамі (Жук-і-Жаба, напрыклад). У казцы з’яўляецца персанаж, якога дзіця будзе ўспрымаць як роўнага (праз узрост персанажа) – юны натураліст Максім. Ён прыўносіць у сюжэт мастацкі вэрхал, а яшчэ – педагагічную хітрасць. Не ведаю, ці яна спрацуе, але: праз Максіма аўтар прамаўляе пра значнасць усякай жыўнасці на планеце. З аднаго боку – справа высакародная, ніякіх сумневаў. З іншага – гэтая частка аповеду прапарцыйна выбіваецца з казкі. Гісторыя пра Максіма (ці не з Дарэла ён спісаны?..) і экапытанні маглі спакойна скласці асобны твор.

Што асабліва цікава: пытанне пра роўнасць і братэрства між людзьмі і астатняй жыўнасцю паўстае ў творах Пятра Васючэнкі не ўпершыню. Той жа кумір Максіма, Карл Лінэй, патрапіў у назву зборніка вершаў “Піраміда Лінэя”. Некалькі раздзелаў з “Дзівоснага лета…” і ўся “Піраміды Лінэя”, у прынцыпе, пра адно і тое ж. Нават пытанні сустракаюцца ідэнтычныя.

Улюбёны прыём Пятра Васючэнкі менавіта ў гэтай казцы – ператвараць фразеалагізмы, ці іншыя ўстойлівыя выразы, у рэальныя сітуацыі. Так ствараюцца парадоксы, атмасфера вясёлага абсурду. Напрыклад, матэрыялізуюцца Піліп з канапель і Макар са сваімі цялятамі.

Калі ад веку непарушныя, застылыя ў свядомасці выразы ажываюць, пачынаюць рухацца і прамаўляць ад сябе, -- апрача смеху ўзнікае адчуванне злёгку жудаснае. Магчыма, праз тое, што прыходзіць разуменне: мова і сэнсы могуць жыць асобна ад чалавека. Чалавек не гаспадар нават тым сэнсам, якія прадукуе сам.

Каб ацаніць жарты аўтара, трэба іх, зразумела, убачыць. А для гэтага, у сваю чаргу, трэба мець базавыя веды ў беларускай культуры, асабліва што датычыць мовы. Перакласці гэтую казку на іншую мову будзе гэтак жа складана, як перакласці паэзію Барадуліна.

Пры ўсім пры тым у аснове казкі (прынамсі, другой часткі) – архетыповая мадэль, у цэнтры якой знаходзіцца матыў падарожжа. Герой атрымлівае выклік (паны задаюцца пытаннем пра сэнс жыцця) – выпраўляюцца ў шлях (канкрэтна ў гэтай казцы гэтая частка апускаецца, бо, па-першае, прыгоды ў дарозе патрэбныя для таго, каб паказаць характар персанажа, а з панамі мы й так знаёмыя; па-другое, гэты прагал займаюць гісторыі пра пакінуты Дом і другасных персанажаў) – фінал (найбольшае выпрабаванне, адказы) – пагібель – уваскрэсенне – узнагарода (распаўсюджаны варыянт – жаніцьба).

У “Дзівосным леце…” ўзнагарода падвойваецца: да вясельнага матыва далучаецца сюжэт пра пераўтварэнне пачварыны  ў “прынца”. Вядома, праз каханне.

Для чаго я зрабіла гэты нудны разбор?.. Каб паказаць, як на ўніверсальнай мадэлі казкі дзякуючы адной толькі мове можа вырасці непаўторны твор. А таксама – што казка мадэлюе сусвет, шыфруе ў просценькім аповедзе асноўныя правілы існавання. Пра што Пятро Васючэнка таксама любіць паразважаць, і гэта можна заўважыць у саміх “Дзівосных прыгодах…”.

Зрэшты, ён пра гэта не толькі разважае. У “Дзівосным леце паноў…” таксама ёсць свае дэміургі. Ёсць, скажам так, Сіла, якая застаецца незаўважнай воку, але выдае сябе напрыканцы. Па-першае, гэта Той, хто казаў, – персанаж, які напачатку ўспрымаецца камічна, а пасля ператварае казку ледзве не ў прытчу. Другі такі “герой” – Зорны Ровар. 

І апошняе назіранне. Чым дольш чытаеш казку, тым больш упэўніваешся, што вось гэты “закадравы” смех аўтара, гэтую іронію ты ўжо недзе чуў. Ужо гучалі пытанні пра сэнс быцця – у камічнай абгортцы; ужо выпраўляліся на пошук адказаў героі-авантурысты. Нават Зорны Ровар з выхадам у гіперпрастору нешта нагадвае...

“Што яно і адкуль яно, дзе пачатак і дзе канец, і дзе сярэдзіна быцця?..” Карацей, “галоўнае пытанне жыццця”, адказ на якое быў агучаны ў рамане Дугласа Адамса. “Аўтаспынам па галактыцы” і “Дзівоснае лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага” гучаць у адной танальнасці. Я б нават сказала, надзіва гарманічна. Шлях да іранічна-горкай філасофіі дзіцё можа пачаць якраз з Васючэнкі – а там і да Адамса дойдзе.

Галоўнае – не ўспрымаць усё надта ўсур’ёз. Ці мала што.

Наста Грышчук