Навіны


Я б ня стала прыгадваць, як мне сумна праз тое, што ў новым дызайне фб няма майго ўлюбёнага фармату “нататкі”, калі б не сустрэла ў кнізе, на якую пішу водгук, згадкі гэтай прасторы – прасторы, ад якой яшчэ больш чакаеш слоў і эмоцый ва ўмовах эпідэміі і немагчымасьці сустракацца з тымі і слухаць тых (гледзячы ў вочы, а не на манітор), ад каго найперш чакаеш новых слоў і новых эмоцый – паэтаў. Так, я б хацела зноў “быццам рыба ў забытай / браканьерамі сетцы” захраснуць у сваіх нататках, у зьніклых здымках да іх, якія я рабіла сама, у патрэбны момант падрыхтаваўшы “мабільныя для матывуючых фота”. У нататках, узьніклых дзякуючы празорцам, якія шмат чаго моўкна расказалі мне пра мой голас, некаторыя – менавіта гартаючы стужку навін.
 
Шмат чула ад паэтаў і чытала ў розных зь імі гутарках, што як толькі кніга вершаў выходзіць, “яна ўжо не твая”, “вершы ўжо напісаныя і пражытыя”, “кніга ўспрымаецца вельмі дзіўна, быццам нешта з твайго мінулага ці нешта чужое”… Ня ведаю, як гэта ў Міхала, але я, напрыклад, вельмі ўдзячная фб за магчымасьць пражываньня і зваротнай сувязі ад няхай аднаго-двух, але вельмі важных чытачоў, дакладна ў той самы момант, калі верш дапісаны і паказваецца на старонцы аўтара. Калі я так рабіла і бачыла, што верш прачытаны праз пару імгненьняў пасьля напісаньня, ведаючы, што яшчэ за некалькі хвілін да гэтага нават і ідэі яго не было, я штораз перажывала выхад кнігі, ня меней. А цяпер выйшла кніга, якую я вельмі чакала – “VOLUMEN.2” Міхала Бараноўскага, – і чакала ў значнай ступені таму, што шмат разоў пражыла яе “выхад”, калі Міхал зьмяшчаў на сваёй старонцы вершы з “Аховы птушак Бацькаўшчыны” і – дакладна помню – з “Эрасу” (адразу тады вывучыла “неба перакулілася”). Нарэшце, усё пад адной вокладкай (ідэі вокладак цудоўныя, вельмі люблю чорна-белае)!
 
Хто чытаў мае ранейшыя нататкі, зьмешчаныя тут (у тым ліку, на свае кнігі), ведае, што я не пішу клясычныя водгукі ці рэцэнзіі. Звычайна гэта стыхійныя думкі, запісаныя за адзін раз, за 20-25 хвілін, пасьля чарговага прачытаньня кнігі, якая мне падабаецца. Таму напішу пра яскравыя моманты і самыя дзіўныя ўражаньні.
Па-першае, мая вось (і, натуральна, маё “во-о-о-ось!”) у кнізе “VOLUMEN.2” – гэта строфы трох вершаў з трох разьдзелаў “Элегіі”, “Пункцірам” і “Свабода”. Вось выглядае так (пачынаецца з таго, што я зрабіла эпіграфам і за што вельмі ўдзячная аўтару):
 
анёл і дэман вядуць скрозь дым
ад страфы да страфы
ці вярнуся з гэтай свамоўнай зямлі
сабой самім
/з “Элегій”/

спачатку вучыўся
прамаўляць мову
потым прамаўляць моўчу
цяпер вучуся
моўчу маўчаць
/з “Пункцірам”/

маўчаньне дастала
ды лепей маўчаць
калі табе не стае “сказала”
гучаньне прамоўленай пустаты
больш неагучанага дастала
што кажу і нашто кажу
і ці маю на гэта права
прабачэньня ў вас прашу
за дождж што выпаў так нечакана
/з “Свабоды”/
 
Вось, вакол якой круціцца мне вядомае: спачатку сумнеў, прадбачаньне, што пасьля, магчыма, ня выйдзеш сабой з той зямлі, пасьля вучэньне моўчы, а пасьля крок да ўласнага зрыву – магчыма, і да здрады моўчы, але таксама прадказальных – зрыву і здрады.
 
Назвы ўсіх разьдзелаў празрыстыя, але празрыстасьць “Пункцірам” узрадавала найбольш. Перад тым, як адкрыць яго, я падумала пра пункціры Алеся Разанава, кароткія і кропкава-дакладныя, а яшчэ чамусьці пра такую тэхніку кліпа (менавіта кліпа), дзе вобразы зьяўляюцца на экране па чарзе (чамусьці найперш уяўляецца гарадзкі восеньскі ці зімовы пейзаж і пачарговае зьяўленьне на ім абрысаў дамоў, праступленьне на іх вокнаў, пасьля вуліцы, людзі, дрэвы, машыны, хмары, дождж). Дзіўна, што так і ёсьць – большасьць вершаў, напісаных “пункцірам”, можна было б праілюстраваць відэаролікамі ў такой тэхніцы (зрэшты, у маім уяўленьні я гэта і зрабіла). Хаця б самы першы верш, што пачынае разьдзел – усё наўкол, што апісваецца, ад словаў паўстае натуральным, але чорна-белым, а самы апошні “штрых” – дзеля якога ствараўся “фон” – пара закаханых афарбоўваецца рознымі колерамі:
 
пара цалуецца
для іх гэты вечар
нашмат багацейцы фарбамі
 
Дарэчы, шмат якія строфы, адасобленыя ўнутры верша працяжнікамі, нагадваюць асобныя пункціры і маглі б, пэўна, друкавацца як асобныя (з двума аўтар так і робіць) вершы (калі б не нітаваліся магічнай повязьзю і пэўнай пасьлядоўнасьцю ў адно моцнае цэлае – пра цягнік, пра адзіноту, пра пустошу, пра цёмнае і шэрае, – для выражэньня якога адной страфы мала):
 
тонкае павуціньне
зьнітоўвае паасобныя адзіноцтвы
у адно вялікае
апошні вагон
самае месца ўзгадаць
чаго ты насамрэч варты
чакаем калі скончыца зіма
якая ўсё ніяк не пачнецца
 
У гэтай кнізе няма сваёй паравіны – гэта не зімовая, ня восеньская кніга. Тут ёсьць і пра чаканьне вясны, і элегічныя восень і зіма (яшчэ і ўнутраная), але я не адчуваю сябе ў паравіне. Я адчуваю сябе ў шэрым колеры, у шэрасьці. Так, пад чорна-белай вокладкай знаходжу вынік зьмешваньня гэтых колераў. І гэта ня сумны, не пазбаўлены смаку, не нецікавы шэры. Магчыма, шэры безвыходнасьці (для кагосьці), а для мяне хутчэй шматвыходнасьці. Так, самае складанае – выбраць свой выхад, свой пераход. Таму я з задавальненьнем занурваюся ў гэтую шэрасьць – у шэры туман над Нямігай (у якім згубілася прастора, краіна, Беларусь), у нябачную шэрасьць люстэрка, скрозь якую спадзяесься ўбачыць будучыню ці адказ хаця б на адно пытаньне, у шэрыя пёркі птушкі Сірын, што ляціць праз ноч, у шэрую смугу над мёртвай ракой і ў шэрую гладзь зьнікомых у ёй каменьчыкаў, у шэрую заслону імгненьня і вечнасьці каханьня – тую заслону на вачах і душы, якая расшытая срэбнымі зоркамі.
 
Невялікі разьдзел “Эрас”, а каханьне там такое, што… што, здаецца, гэтыя вершы маглі б дзейнічаць як замовы, ці хутчэй – больш звыклае для ўсіх параўнаньне – як кіно (дарэчы, гэтая мэтафара і працінае ўвесь першы верш разьдзелу). Так, гэта маленькая энцыкляпэдыя каханьня, яго фізыкі і хіміі (так і хочацца працягнуць “мэтафізыкі і мэтахіміі”). Калі б яго не існавала, яго варта было апісаць менавіта так. І калі б я ня ведала, што гэта такое, ня мела б гэтага цуду, я б перачытвала гэтыя замалёўкі, каб хоць уяўляць, што б мне хацелася перажыць.
Самае, як на мяне, моцнае і маё ўлюбёнае тут:
 
чым вальнейшыя мы
ў дзеяньнях
тым складаней у вершы
падабраць мэтафару
 
Як ні дзіўна, нягледзячы на іншыя эратасупадзеньні, супадзеньне ў гэтых радках – самай інтымнае. Бо я так і не разьняволілася ў сваім “Эрасе”, затое цудоўна помню, як складана было падабраць мэтафару. Падбіраючы, разумела, што не змагу болей пра гэта пісаць, але пісала. Так складана пісала, што тымі нешматлікімі вершамі не праілюструеш каханьня калі-б-яго-не-існавала, а вершамі Міхала – лёгка.
 
Што да галоўнай тэмы, якая ўсім нам не дае спакою ў гэтым годзе і ўвогуле аб’яднала такіх розных нас ва “ўсіх нас”, то яна ў Міхала таксама для мяне зьяўляецца восьсю. Пошук свабоды, лёс Беларусі, роля “маленькага” чалавека ў яе адраджэньні (часам так можна назваць лірычнага героя, а паэт, вядома ж, не маленькі зусім) – пра гэта чытач знойдзе самае пранізьлівае і сугучнае для сябе Слова ва ўсіх разьдзелах:
 
– ад успрыманьня бела-чырвона-белага лёсу дзецьмі (тата тата глядзі) да ўспрыманьня яго ж народам (вельмі моцная “лічылка” на ст. 93 – плошча плошча – заканчваецца так: сьцяг адзіна правільны / праўдай акрываўлены), які за яго – лёс – гатовы на ўсё;
 
– ад пэўнага празору, які настолькі сёлета пра нас (нашая краіна флюгэр / што кіруецца чужой воляй / але заўсёды застаецца / на сваёй восі) да моцнага іранічнага верша “малюнак у савецкім буквары”, дзякуючы якому лепш усьведамляеш, што, як і лірычны герой, мог ты сам даведацца пра свабоду ня так і шмат (а мы равесьнікі) і цяпер, на шляху да свабоды сапраўднай, ня так і лёгка, але можаш сабе дараваць і ісьці далей, заваёўваць яе;
 
– ад тых самых градыентаў шэрага, якія “божанька выбірае / у небе над Беларусьсю” да амаль Караткевічавых апісаньняў сям’і і прыроды, повязі дзядоў і ўнукаў, памяці, дзякуючы якой “на пажоўклых фотаздымках/разглядаю чыёсьці мінулае/як сваё заўтра”.
 
Я вельмі ўдзячная аўтару за такі падарунак у такім нялёгкім годзе. Падарунак усім нам. Усім Нам. Удзячная за сустрэчу. Удзячная лёсу за тое, што раней не згубіла шматлікіх магчымасьцяў запомніць голас, і цяпер вершы “VOLUMEN.2” гучаць у галаве голасам Міхала, які так растрывожвае, але так па-майстэрску ўмее супакоіць на апошнім акордзе, на апошнім гуку, у апошнім згустку моўчы.


abdziralovic.by
[TypeError] 
count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0)
/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50
#0: include
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#3: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515
#5: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#6: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#7: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#8: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16
#9: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#12: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336
#14: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#15: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#16: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#17: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107
#18: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184
#19: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2
----------