Галіне Каржанеўскай – 70!

Сёння святкуе дзень нараджэння паэтка, сябра Рады СБП, грамадская дзяячка Галіна Каржанеўская.

Галіна Каржанеўская нарадзілася 27.08.1950 г. у вёсцы Лясішча Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сям'і служачых.

У 1968 г. скончыла Янушкавіцкую сярэднюю школу Лагойскага раёна, паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З трэцяга курса перавялася на завочнае аддзяленне і пачала настаўнічаць у Янушкавіцкай школе. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1973) выкладала беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе пасёлка Плешчаніцы Лагойскага раёна. У 1980-1982 гг. - рэдактар літаратурна-драматычнай рэдакцыі Беларускага тэлебачання. З 1984 г. - карэспандэнт аддзела прозы і паэзіі, з 1986 г. - загадчык аддзела крытыкі газеты «Літаратура і мастацтва». Сябра СП СССР з 1976 г.

З вершамі ў рэспубліканскім друку ўпершыню выступіла ў 1967 г. Выступае і як крытык.

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць выдатную паэтку, сябру Рады нашай арганізацыі з пашанотным юбілеем, зычаць бадзёрасці духу, добрага настрою, натхнення на творчую працу!

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"