Галіне Самойла — 60!

Галіна Самойла. фота: http://sozvuchie.by/
Сёння святкуе юбілей гарадзенская паэтка Галіна Самойла.

Галіна Самойла нарадзілася ў в. Бандары Гродзенскага раёна. Вырасла ў сям’і настаўнікаў-філолагаў – маці выкладала ў вясковай школе рускую мову і літаратуру, бацька – беларускую. Галіна Самойла прызнаецца, што шмат хто з яе родных пісаў вершы, прынамсі ў юнацтве, а яшчэ сярод сваякоў пісьменніцы – вядомы заходнебеларускі паэт Міхась Васілёк. 

Скончыла філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. Вершы піша з дзяцінства, друкуецца са школьных гадоў.

Першыя публікацыі адбыліся ў часопісе «Бярозка», газеце «Піянер Беларусі», раённай газеце «Сельская навіна». Паэтэса выдала два сямейныя зборнікі вершаў: «Сола трох галасоў» – з маці і братам, «Между светом и тьмой» – з маці і мужам.

Жыве і працуе ў Гродна. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць Галіну Самойла з днём нараджэння, зычаць моцнага здароўя, бадзёрасці духу, добрага настрою, натхнення на новыя вершы!



Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"