Галіне Тварановіч — 65!


65 год споўнілася вядомай паэтцы і літаратуразнаўцы Галіне Тварановіч. Шчыра віншуем!

Галіна Паўлаўна Тварановіч нарадзілася 17 лютага 1955 года ў вёсцы Дараганава, Магілёўскай вобласці ў сям'і служачых. Вучылася ў мясцовай сярэдняй школе. Скончыла філалагічны факультэт БДУ (1977). Кіраўніком у аспірантуры быў Алесь Адамовіч. У 1985 годзе Тварановіч абараніла кандыдацкую дысертацыю, а ў 1999 — доктарскую. З 1983 года працавала навуковым супрацоўнікам у Інстытуце літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 1999 года выкладае ва ўніверсітэце ў Беластоку (Польшча). З 2001 г. — галоўны рэдактар часопіса «Studia wschodniosłowiańskie» («Усходнеславянскія даследаванні»). 

Друкуецца з 1967, як літаратуразнаўца — з 1982. Аўтар даследаванняў па ўзаемасувязях сучаснай беларускай прозы і прозы былой Югаславіі, па кампаратывістыцы, гісторыі беларускай літаратуры, сучасным літаратурным працэсе: «Маральны свет героя: Беларуская і югаслаўская ваенная проза 60–70-х г.» (1986), «Пакутаю здабыты мір: Тыпалогія характару ў беларускай і славенскай прозе» (1991) і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст.» (Т. 1–4, 1999–2002).

Яе паэтычныя зборнікі «Ускраек тысячагоддзя» (1996), «Верасы Дараганава» (2000), «Чацвёртая стража» (2004) прасякнуты роздумам над праблемамі жыцця, лёсам чалавека ў Вечнасці, любоўю да роднай зямлі, хрысціянскімі матывамі. Перакладае з сербскай і польскай моў.

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць юбілярку з днём народзінаў, зычаць моцнага здароўя, бадзёрага настрою, натхнення на новыя кнігі! 

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"