Ганна Кандрацюк і яе Палессе

Беластоцкая пісьменніца Ганна Кандрацюк прэзентавала кнігу “Па Прыпяці па Нобель: рэпартаж з краіны балот і бурштыну”.

Пра феномен Палесся як з'явы, што належыць беларусам, украінцам, палякам і адначасна з'яўляецца ўнікальным мікракосмам, са сваім ладам жыцця, сваёй мовай, сваімі непаўторнымі этнакультурнымі асаблівасцямі, можна распавядаць бясконца і не паўтарацца. Так і адбылося на прэзентацыі: пытанні з залы ліліся ракой Прыпяць, якая з'яўляецца адной з галоўных гераінь гэтай кнігі. Гісторыі, успаміны, назіранні, звязаныя з падарожжам пані Ганны па беларуска-ўкраінскім Палессі, выклікалі жывую цікавасць аўдыторыі.

Разам з Ганнай Кандрацюк на вечарыне выступілі старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч, які напісаў прадмову да кнігі, а таксама галоўны рэдактар беларускай штотыднёвай газеты “Ніва”, дырэктар “Радыё Рацыя” Яўген Вапа (Беласток). Далучыліся да гутаркі пісьменнік Уладзімір Арлоў, музыканты Сяржук Доўгушаў і Юры Несцярэнка.


Тэкст і фота: Віка Трэнас