Ігар Кулікоў: “Мы ствараем чыстую мову, каб пашырыць кола носьбітаў беларускай мовы”

Бывае так, што мова робіцца для паэта цеснай. Тады ён стварае сваю. Новая кніга Ігара Кулікова “Свамова” напоўненая лінгвістычнымі загадкамі ды словамі, утворанымі з дапамогай граматыкі санскрыту. Навошта яны спатрэбіліся? Пра моватворчасць, паэзію ды іх суіснаванне мы пагаварылі з аўтарам вершаў і асобных словаў у іх.

 

— Новая кніга “Свамова” абсалютна не падобная на першы зборнік — “Паварот на мора”. Вы зусім адмовіліся ад ранейшай манеры?

— Першая кніжка на тое і першая, што яна не да канца выяўляе патэнцыял аўтара: я яшчэ шукаю сваю дарогу. Кніга “Паварот на мора” была ў многім пераймальная. Па настроі яна ўпісваецца ў той дробненькі, але існы беларускі мэйнстрым. З другой кнігай яе яднае толькі ўвага да мовы. Але калі ў першай кнізе гэта нагадвала працу патолагаанатама — я быў такім Франкенштэйнам, што спрабуе сшываць розныя кавалкі, — то ў “Свамове” я змяніў падыход і стаў працаваць з самой структурай мовы, як гэта рабілі старажытнаіндыйскія паэты рышы, якія, уласна, самі мову і стваралі. Я шукаў схаваныя словаўтваральныя магчымасці, якія дазвалялі б мне дакладней выразіць думку. Другая вельмі важная асаблівасць “Свамовы” — тое, што я стараўся прыдумляць таксама словы-загадкі. Зноў ж так, як гэта рабілі старажытнаіндыйскія паэты, тут я не наватар, проста гэтага амаль не было ў беларускай літаратуры. Гэта словы, якія адначасова ўтвораныя ад розных каранёў, але гучаць аднолькава, і сувязь з гэтымі каранямі абыгрываецца ў вершы.

— Што вас прывяло да гэтых лінгвістычных эксперыментаў?

— Я цікавіўся мовай яшчэ са школы, спачатку былі Хлебнікаў, Толкін са сваімі прыдуманымі мовамі. Але два аўтары, якіх я чытаў зборнік за зборнікам і не мог спыніцца — Бродскі і Разанаў. Усё кардынальна змянілася і набыла новую глыбіню, калі я пачаў вывучаць санскрыт. У нас з паэтам Міхасём Баярыным утварыўся семінар, які наведвае некалькі чалавек, спачатку ён быў прысвечаны санскрыту, а потым мы паступова зразумелі, што ідэі індыйскіх граматыстаў можна дапасаваць і да беларускай мовы, тым больш, што гэта ўжо рабілася раней індыйскімі пандытамі, якія ўжывалі тыя самыя граматыкі да неіндаеўрапейскіх моваў. Мы падумалі: а чым беларуская мова горшая? Гэта дасць свабоду і магчымасць лепш выказваць думкі. Практычным пацвярджэннем нашых ідэяў стаўся пераклад “Бхагавад-гіты” на беларускую мову Міхасём Баярыным. Да гэтага ён лічыў, што перастварыць яе проста немагчыма, бо вельмі шмат чаго губляецца, але як толькі мы зразумелі, на якую беларускую мову яе трэба перакладаць, каб дазволіць сабе тую свабоду, якая ёсць у санскрыце, атрымаўся, на маю думку, адзін з найлепшых перакладаў у свеце, прынамсі, дакладна лепшы за ангельскі. Другім крокам у рэалізацыі нашай ідэі сталася мая кніжка, мы вырашылі прэзентаваць яе як частку вялікага праекту Свамова.

— Тое, што вашая паэзія выходзіць як частка праекту з Міхасём Баярыным, які на прэзентацыі замест вас адказвае на пытанні, не адбірае ў вас нешта як у асобнага самадастатковага творцы?

— У мяне гэта нічога не адбірае, толькі дадае. 99 працэнтаў новых словаў у кнізе прыдумаў я. Але яны пры гэтым не мае, яны ўсеагульныя, любы носьбіт беларускай мовы іх можа зразумець. А на пытанні часам адказваў Міхась Баярын, таму што ён чалавек старэйшы за мяне на 10 гадоў, больш дасведчаны, ён мой настаўнік у моўных аспектах, але гэта не тычыцца творчасці.

— Каб зразумець, які лінгвістычны пераварот вы рыхтуеце на сваіх семінарах, не маглі б вы каротка патлумачыць асноўныя прынцыпы словаўтварэння, на якіх палягае Свамова?

— У нас ёсць маніфест, які будзе яшчэ ўдасканальвацца. Апроч таго, прадумваем і складаем граматыку Свамовы, якую спадзяемся калі-небудзь выдаць. Яна пабудаваная на прынцыпах граматыкі санскрыту, хоць і не поўнасцю іх пераймае. Санскрыцкая граматыка — не апісальная, а хутчэй утваральная. Калі коратка, яна складаецца з некалькіх вялікіх сегментаў: па-першае, гэта спіс дзеяслоўных каранёў, якім прыпісаныя пэўныя сэнсы. Іх у санскрыце каля дзвюх тысяч. Мы ўжо пачалі складаць спіс каранёў для беларускай граматыкі. Да каранёў дапасоўваюцца суфіксы з пэўнымі значэннямі. Санскрыцкая граматыка ідзе ад сэнсу да формы: ёсць сэнс, які ты хочаш выразіць, і граматыка прапануе формы, з дапамогай якіх можна гэта зрабіць. Магчымасці для словаўтварэння вельмі шырокія. Пры гэтым любы чалавек, звярнуўшыся да правілаў, зможа гэтае слова зразумець. То бок граматыка дае гатовы інструмент для ўтварэння ўласных словаў замест лацінізмаў, англіцызмаў ды іншых запазычанняў, якія разбураюць стройную сістэму мовы.

Сама санскрыцкая граматыка ўключае каля чатырох тысяч правілаў, сфармуляваных ў афарыстычнай форме. Яны вельмі кароткія і цалкам завучваліся на памяць. Гэта яшчэ адзін плюс — граматыку можна трымаць у галаве.

— У маніфесце напісана, што Свамова будзе высокай мовай паэзіі і філасофіі.

— Гэта першасная аўдыторыя Свамовы, бо ў першую чаргу ацаніць яе перавагі над звычайнай беларускай мовай можна будзе, напрыклад, у філасофскіх тэкстах, дзе больш за ўсё запазычанняў.

— Беларуская мова сёння і так становіцца мовай элітаў. Ці не звужае пурызм гэтае кола яшчэ больш?

— Наадварот, мы ствараем чыстую мову, каб пашырыць кола носьбітаў беларускай мовы. Знаёмячыся з нашай граматыкай у школе, дзеці змогуць самі ўтвараць словы, гэта толькі спросціць яе вывучэнне.

— То бок вы думаеце, што дзеці будуць калі-небудзь вучыць Свамову ў школе?

— Вядома ж. Дзеці, дарэчы, пакуль на іх не накладае адбітак застылая культура, менавіта так і пераасэнсоўваюць незразумелыя словы. Напрыклад, конь Пегас у іх ператвараецца ў “Бегаса”, бо ён бегае.

— Як успрымаюцца вашыя ідэі, якая на іх рэакцыя?

— Мы агучвалі наш маніфест публічна некалькі разоў, ладзілі сустрэчы ў ДК “La мора”. Туды прыходзілі людзі, далёкія ад лінгвістыкі. Я, дарэчы, заўважыў, што яны часта станоўча ставяцца да нашай ідэі, прынамсі, не ў штыкі, а з цікавасцю. А вось людзі, якія праслухалі курс агульнай лінгвістыкі ва ўніверсітэце і ўспрымаюць яго як аксіёму, адразу налятаюць з нападкамі.

Менш скептычна, мне здаецца, паставяцца тыя, хто вывучаў чэшскую мову. Яна была ў заняпадзе, як і беларуская, і калі яе стваралі, падышлі больш прадумана, яна мае шырэйшыя словаўтваральныя магчымасці. Добры прыклад таксама стараісландская мова, у якой 99 працэнтаў запазычанняў перакладзеныя. Прэцэдэнты ёсць, мы не першыя, і, спадзяюся, не апошнія.

— Значыць, хто заўгодна можа ствараць словы, але аўтарства не прадугледжанае. Хаця адно з галоўных словаў у Свамове мае аўтара.

— Так. Гэтак жа цяпер мы не памятаем, хто ўвёў слова “промышленность”. Толькі літаратуразнаўцы ведаюць, што слова “стушеваться” прыдумаў Дастаеўскі. І хто ведае, што слова “мілагучны” мае аўтара — Уладзіміра Дубоўку? Гэта не істотна. Спадзяюся, што некаторыя са словаў Свамовы прыжывуцца. Я катэгарычна не згодны з вызначэннем у рэцэнзіі Ганны Янкуты, што гэта з’ява разавая. Гэта пачатак цэлай чарады кніжак, і не толькі маіх.

А наконт слова Алеся Разанава “таява”, якое мы ўзялі для абазначэння паэзіі, — яно вельмі ўдалае. Гэта толькі пацвярджае, што ёсць людзі, якія рухаюцца ў адным з намі кірунку. Проста мы паставілі гэта на больш тэарэтычны ўзровень як лінгвісты, а Алесь Разанаў дзейнічаў хутчэй як паэт, як творца. Пры гэтым важна, што Міхась Баярын таксама паэт, бо шмат прыкладаў з гісторыі іншых моваў, калі гэтай справай займаліся людзі зусім не творчыя, і атрымлівалася не надта ўдала.

— У вашай паэзіі ёсць месца чытачу, які пакуль не ведае прынцыпаў словаўтварэння?

— Гэта не самая лёгкая паэзія. Але я наадварот клапачуся пра чытача, бо змушаю ўключыць мазгі. У гэтай кнізе я хацеў больш засяродзіцца не на пачуццях, а на сэнсе, загадваючы загадкі, над якімі можна цэлы дзень біцца.

—  З загадкамі зразумела. А як жа паэзія як тонкае спляценне, дзе не хочацца ўвогуле ўглядацца ў словы, яны неістотныя?

— Ну такога навалам. Чытайце Наталлю Арсеневу: прыўкрасныя вобразы, чытаеш і захапляешся, не думаючы пра мову. Мне не цікава пісаць так.

Я не хачу сказаць, што прызнаю толькі такую паэзію, як мая. Проста менавіта яе мне ў беларускай літаратуры не стае.

— Ці супрацьпастаўляеце вы сябе іншым сучасным беларускім паэтам? Калі таява — больш за паэзію, то таявіт — больш чым паэт?

— Не, давайце не будзем разумець гэтае “больш” як нешта негатыўнае. Будзем разумець гэта як розныя віды адной з’явы, але ніяк не антаганізм, плюс і мінус, дабро і зло. Гэта проста новы крок, і трэба радавацца, што такое ёсць.

Сярод сучасных паэтаў я маю шмат знаёмых, некалькіх сяброў. Іхняя творчасць мне не вельмі цікавая, і гэта не значыць, што я яе асуджаю, ненавіджу ці буду іх публічна абражаць. Проста мы пішам па-рознаму.

— Хто мог бы стаць паслядоўнікам вашых ідэяў?

— Напэўна, я цяпер увогуле чытаю мала сучасных аўтараў. Паэтка Наста Кудасава таксама захапілася, прыдумляе словы, у яе ёсць прыхільнікі, якім падабаецца тое, што яна робіць, і не выклікае агрэсіі.

— А Антон Францішак Брыль?

— Лічу яго адным з найлепшых сучасных паэтаў у Беларусі, хоць ён і вельмі мала піша, яшчэ менш, чым я. Але я не сказаў бы, што ён рухаецца ў тым жа кірунку. Ён ужывае старабеларускія словы, якія з’яўляюцца запазычаннямі з польскай, лацінскай, так што сувязь у нас хутчэй настраёвая: Брыль таксама звяртаецца да спадчыны, абірае гістарычныя тэмы, гаворыць пра пераемнасць.

— А што пра вашыя пошукі думае Алесь Разанаў?

— Ён не ведае пра тое, што я скарыстаўся ягоным словам. Хаця, мабыць, калі сустрэну, падару яму сваю кніжку. Было б цікава даведацца ягонае меркаванне.

— Вашая моватворчасць неяк звязаная са страхам уласнага знікнення? Спадзеяцеся застацца ў літаратуры, маючы радок у біяграфіі — “стваральнік Свамовы”?

— Я проста атрымліваю асалоду ад стварэння словаў. І толькі ў другую чаргу я думаю, што магу застацца ў літаратуры. Я тут адчуваю сябе ўсё ж больш рамеснікам, які працуе на карысць беларускай мовы. Спадзяюся, што гэта зробіць яе больш прывабнай. Тым больш, у наш час у Беларусі пра нейкую славу казаць бязглузда. Хто ведае Алеся Разанава? Вялікі паэт, а ў школе яго праходзяць адну гадзіну. Мне было б прыемна, калі б нехта гэта ацэніць, але я стараюся не для сябе.

— Падаецца, што вы ўсё ж не так гучна заяўляеце пра свае ідэі, як Міхась Баярын, які казаў пра Свамову як пра стварэнне новай культуры.

— Можа, я проста больш сціплы. Рупарам з’яўляецца менавіта Міхась, а я — толькі памагаты. Але я падзяляю ягоныя думкі. Калі ўзяць вялікія культуры, то іх можна перанесці на іншую глебу: у Нью-Ёрку ёсць Чайнатаўн, а ў Лондане — індыйскі квартал. А калі ўзяць кавалак Беларусі, то немагчыма яго перанесці. Таму мы і падумалі, што трэба стварыць гэтую аснову, з якой вырасце сапраўдная культура, якая не знікне, не растворыцца. У беларусаў ёсць для гэтага перадумовы, але яны не выкарыстоўваюцца. Усе арыентуюцца на тое, што робяць іншыя. Перакладаюць еўрапейскіх паэтаў і пішуць, як яны. У прынцыпе, можна сказаць, што і мы пераймаем, начытаўшыся санскрыцкіх тэкстаў. Але, думаю, многія пагодзяцца, што яны стаяць нашмат вышэй за сучасную еўрапейскую літаратуру, якая, на маю думку, знаходзіцца ў стане агоніі і з’яўляецца чыстай камбінаторыкай, спалучэннем таго, што было зробленае раней. Мы ўсё ж звяртаемся да першакрыніц.

— Як знайсці баланс паміж творчасцю і рамесніцтвам?

— Як рамеснік ты бярэш нявыкарыстаны суфікс і пачынаеш утвараць слова, а потым цябе азарае, і, можа, з яго народзіцца нават цэлы верш.

— Ці не з’яўляецца гэта фармалізмам — калі верш пішацца пад удалае слова?

— Творчасць і мова — непадзельныя, як два бакі медаля. Для старажытнаіндыйскіх паэтаў гэта сапраўды было так, бо паэты гаварылі і тварылі адначасова. Так спрабую рабіць і я. Калі кажу пра рамесніцтва, то маю на ўвазе, як казаў Бродскі, што мова гаворыць табой. Творца — не зусім ты. Я, можа, троху перабольшваю, але сапраўды часам адчуваецца, што сама мова падказвае ідэю, блізкую да геніяльнасці.

Гутарыла Аляксандра Дорская
Фота: Юра Сідун, generation.by

budzma.org