Ігар Кулікоў: «Важна перадусім напісаць, а хто прачытае — рэч другасная»

Новая кніга

У творчасці наўмысна нічога не робіцца, робіцца толькі таму, што так хочацца. Але я сабе ніколі не ставіў на мэце пісаць складаныя ці простыя вершы. На маю думку, кніга “Валадар загадак” не такая ўжо і простая. Тут уздымаюцца важныя пытанні, робяцца спробы асэнсаваць рэчы, на якія мы, жывучы ў горадзе, часта не звяртаем увагі. Неяк само сабой атрымалася, што гэтая кніга пра ноч. Для нас яна існуе як нешта не вартае таго, каб звяртаць увагу. Гэта час, калі трэба быць дома, у ложку ці глядзець тэлевізар, серыялы. Больш за тое, на начное неба ніхто даўно не глядзеў. У горадзе яго проста няма: святло хавае. У новай кнізе я разважаю пра тое, што мяне цікавіла. Еўрапейская цывілізацыя пачыналася з таго, што людзі глядзелі на неба. Назвы сузор’яў былі звязаныя з міфамі. Але сёння сузор’яў ніхто амаль не ведае, а ў горадзе можна пабачыць хіба толькі Вялікі Воз і яшчэ колькі сузор’яў. Гэты аспект выпаў з жыцця людзей, таму тэма мне падаецца цікавай. Важна вярнуцца ў начныя перажыванні.

Ствараць словы

Прыдумваць словы — ужо традыцыя для маіх кніг, пачынаючы з другой, “Свамовы”. Гэта ўнутранае памкненне да творчасці. Яна ж можа праяўляцца на некалькіх узроўнях. Першыя паэты, паводле Рыгведы, стваралі саму мову, яе рэсурсы, давалі імёны рэчам. Потым, калі рэсурсы мовы ўжо былі створаныя, з іх складаліся словы. Напрыклад, адна з назваў чыстацелу — “чортава срэбра”. Гэта паэзія ў адной асобна ўзятай назве. Наступны этап — тое, чым займаецца большасць аўтараў, — пісаць, больш ці менш умела карыстаючыся гатовым матэрыялам. Апошні этап, якім можна лічыць постмадэрнізм, — напісанне на аснове ператасаваных элементаў гатовых тэкстаў з папярэдніх эпох. Мне цікава вярнуцца да вытокаў і займацца тым, чым займаліся калі не першапаэты, дык паэты наступнай эпохі — стварэннем слоў з наяўнай сістэмы мовы. Акрамя таго, калі пачынаю верш, то для мяне прынамсі стылёва адчуваецца чужароднасць многіх запазычаных словаў. Яны не ўпісваюцца ў тканіну твора, таму прыходзіцца падбіраць беларускія адпаведнікі.

Чысціня мовы

Я даўно выступаю за чысціню мовы, таму што мова — прылада мыслення, і калі масава запазычваць словы, то разбураецца словаўтваральная сістэма, яе лексічны шкілет. Калі параўнаць мову з нажом, то можна сказаць, што яна “тупіцца”.моўна, хацелася б мець добрую прыладу мыслення. Таму я і прыдумваю словы, а вершы служаць каментарыямі да іх. Каб новая лексічная адзінка была ўпісаная ў тканіну мовы не толькі праз словаўтваральныя мадэлі, але і прадстаўленая ў тэкстах. Некаторыя творцы сталі актыўна прыдумваць словы, пазнаёміўшыся з маёй кнігай “Свамова” і наступнымі. Можна сказаць, у нас пачала фарміравацца школа паэтаў, якія ў сваіх вершах займаюцца словатворчасцю. Але некаторыя, напрыклад, паэтка Наста Кудасава, ствараюць словы хутчэй па натхненні, у мяне ж падыход строга навуковы. Трымаю ў галаве розныя словаўтваральныя мадэлі, суфіксы і раблю ўсё па правілах. Ведаю, што некаторыя словы, якія я прыдумаў, падабаюцца людзям. Да таго як выкарыстаць іх у вершах, часта пішу пра знаходкі на сваёй старонцы ў Facebook, і нярэдка ў каментах пакідаюць станоўчыя водгукі. Так, напрыклад, здарылася са словам “дасвятыннік” — адпаведнікам паломніку. Мне асабіста падабаецца слова “сумяшканне”, якое я прыдумаў, каб замяніць “інтэрнат”.

Літаратурныя тусоўкі

Я не наўмысна пазбягаю тусовак, на іх, з аднаго боку, проста няма часу. Але з іншага, гэта проста сустрэчы, дзе не абмяркоўваецца нешта важнае. Ёсць пляцоўкі, напрыклад, Перакладніцкая майстэрня, якой кіруе Андрэй Хадановіч, дзе адбываецца творчы працэс, сумеснае мысленне, пошук. А проста сустрэча, каб выпіць, мне нецікавая. Я не п’ю ўжо 6 гадоў. Хаця ёсць кола асоб, хутчэй не зусім літаратурнае, з якімі я падтрымліваю кантакты. Напрыклад, з Ігарам Бабковым, з праектам “Лятучы ўніверсітэт”. Мяне цікавіць мысленне ва ўсіх яго праявах. Насамрэч, мастацкай літаратуры я чытаю не так і шмат, у тым ліку і сучаснай беларускай. Мне мала што падабаецца: не будзеш жа сябе прымушаць. На прозу проста не стае часу. Вершы чытаю часцей.

Паэзія і алкаголь

Не разумею, якое дачыненне да паэзіі мае лад жыцця творцы. Мне падаецца, тут вялікай сувязі няма. Алкаголь затуманьвае розум, гэта навукова даведзены факт. Калі для чалавека, які выконвае механічную працу, неістотна, вып’е ён ці не, то на таго, хто працуе галавой, алкаголь уплывае адчувальна. Нават калі яго ўжываць раз на месяц. Такі лад жыцця збівае ўвагу. Гэта не аскетызм, а хутчэй самадысцыпліна. Ёсць людзі, якім падабаецца хаос, а ёсць тыя, каму бліжэй парадак у сваім дні. Тут паэзія ні пры чым. Ёсць паэты, што любілі выпіваць, напрыклад, Сяргей Ясенін ці Чарлз Букоўскі, а ёсць аскеты, як Алесь Разанаў. Усе яны вялікія творцы. І я не думаю, што калі б Ясенін перастаў піць, то разам з гэтым перастаў бы пісаць вершы. Яны проста былі б іншыя. Вось і ўсё.

Роля паэта

Апошнім часам мне падаецца, што роля паэта ніколі не была вялікай для грамадства. Мы бачым, што ва ўсе часы паэзіяй мала хто цікавіўся і цікавіцца. Проста раней гэта не так заўважалася: не было такой вялікай колькасці інфармацыі, столькі іншых забаў. Таму і стваралася ўражанне істотнасці паэзіі і ролі паэта. Так, былі старажытныя грамадствы, дзе культавая, рэлігійная паэзія адыгрывала важную ролю. Напрыклад, у грамадстве старажытных арыяў. Мне ж падаецца, што колькасць чытачоў вершаў цягам стагоддзяў не змяняецца. У многім арэол значнасці ствараецца даследчыкамі. Калі ж літаратуразнаўства прыбраць, пакінуць самі вершы, то стане зразумелым, што іх не стала чытаць больш ці менш людзей. Колькасць будзе прыблізна аднолькавай у працэнтах ад усяго насельніцтва.

Чытачы

Думаю, любы аўтар хоча, каб яго чыталі больш. Інакш для чаго пісаць? Толькі для сябе? Гэта хутка надакучвае. Я ведаю прынамсі тых, каму дару кнігі (смяецца). Але насамрэч маіх чытачоў не так і многа, ды і ў цэлым сёння па-беларуску мала хто чытае. Вельмі рэдка бывае, каб персанальна адкрыў свайго новага чытача. Мая паэзія не вельмі простая, таму чуў водгукі кшталту: “прачытаў і нічога не зразумеў”, “мне не спадабалася, бо надта складана, нагрувашчана, ніхто ў гэтым разбірацца не будзе”. Гэта таксама добра, бо падабацца ўсім немагчыма, ды і не трэба. Я веру, што з часам важнасць напісанага павялічваецца, з гадамі колькасць чытачоў расце. Канечне, калі не пішаш пра надзённыя падзеі. І ўвогуле, не задача паэта разважаць пра тое, хто яго чытае. Гэта немагчыма адгадаць, прадказаць. Важна перадусім напісаць, а хто прачытае — рэч другасная. Я не толькі прадаю кнігі, але і дару направа і налева. Якое будзе меркаванне — не мая праблема. Больш за тое, новыя вершы адразу ж публікую на сваёй старонцы ў Facebook. Кніга сёння — артэфакт-падарунак, як вінілавая кружэлка. У прынцыпе, папяровыя выданні сёння можна і не друкаваць, дастаткова было б электроннай версіі.

Калі сам і пішаш, і рэдагуеш, і вярстаеш

Ёсць дзве прычыны. Па-першае, фінансавая: у мяне не так шмат грошай, каб давяраць гэтую працу выдавецтву. А для таго каб звярстаць кнігу вершаў, шмат часу не трэба. Па-другое, не так проста дамовіцца з вярстальшчыкам, каб ён зрабіў менавіта тое, што ты хочаш. У апошні момант ён можа нешта памяняць, падумаўшы, што гэта неістотна. Надзейней усё зрабіць самому. Ёсць таксама і правілы вёрсткі, якія суадносяцца з фармальным бокам тэксту. Мяне дзіка раздражняе, калі радок, які я задумваў як доўгі, разрываюць. Гэта візуальна разбурае верш — мы ж яго пераважна чытаем. Таму я вярстаю сам і парушаю правілы. Плюс гэта вельмі цікавы занятак, бо такая праца яшчэ больш паглыбляе ў творы: калі пачынаеш расстаўляць вершы, то задумваешся, ці ў такім парадку іх варта падаваць, ці не скараціць радок. І часам сапраўды скарачаеш — становіцца толькі лепш. Вёрстка — справа, якой, напэўна, і павінныя займацца самі паэты.

Кніга выбранага

Я сам сабе гэта прапанаваў. Прычым абсалютна выпадкова. Вырашыў перакласці адзін верш на ўкраінскую мову, потым падумаў, чаму б не зрабіць падборку ўкраінскіх самаперакладаў. Я лічу, што лепш за мяне самога іх ніхто не перакладзе. Таму пачаў гэтым займацца. У зборніку 40 вершаў, па 10 з кожнай кнігі. Выданне плануецца ў фармаце білінгва, прычым можна будзе заўважыць, што ва ўкраінскім варыянце некаторыя радкі кардынальна адрозніваюцца ад беларускіх, а часам у працэсе перакладу я правіў і арыгінал, бо разумеў, што можна было б напісаць лепш. Свамова не так і добра перакладаецца на ўкраінскую: у гэтай мове не адчуваю сябе свабодным выкарыстоўваць словаўтваральныя мадэлі, як у роднай. Часам не ведаю, як тэхнічна скласці новае слова. Тады прыходзіцца перафразоўваць.

http://budzma.by/wp-content/uploads/2016/02/%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%96%D0%BA%D0%BE%D1%9E-800x538.jpg

Наступныя кнігі

Яшчэ ніводнага верша новай кнігі не напісана. Звычайна паміж выданнем зборніка і вершам з наступнага мінае 2-4 месяцы, бывае і 5. У гэты перыяд проста нічога не хочацца пісаць, ды і няма калі — бо такі час звычайна прыпадае на лета, калі я люблю падарожнічаць. Ёсць у планах выданне зборніка караценькіх эсэ пра словы, якія я ствараю. Мару таксама напісаць раман на свамове, але пакуль што з сюжэтам я не вызначыўся. Мне цікава паспрабаваць напісаць прозу ў паэтычным ключы. Па форме гэта будзе нібыта проза, але па канцэнтрацыі, насычанасці яна павінная быць паэзіяй.

Натхненне ад падарожжаў

— Я для гэтага і вандрую. Можна ствараць “з сябе”, прыдумляць, а можна сілкавацца жыццёвым досведам. Мне якраз цікавыя ўражанні, прычым не факталагічнага парадку. Няважна, у якім стагоддзі пабудаваны сабор, як ён называецца. Мяне прывабліваюць уражанні, якія нельга памацаць, сходу запісаць. Проста блукаю па гарадах, дарогах, прамзонах, убіраю ў сябе атмасферу, перажыванні. У Мінску ўсе любімыя мясціны выхаджаныя ўздоўж і ўпоперак. Якраз у кнізе “Валадар загадак” многа вершаў, напісаных у выніку такіх шпацыраў. Я не думаю, што нешта новае змагу пра Мінск напісаць як мінімум гадоў дзесяць.

Марына Весялуха, budzma.by