Ігар Логвінаў звяртаецца па дапамогу да шырокай грамадскасці

Добраахвотныя ахвяраванні можна прыносіць непасрэдна ў кнігарню “ЛогвінаЎ” (Мінск, пр. Незалежнасці, 37а; трэба мець з сабой пашпарт). Нумар дабрачыннага разліковага рахунку ТУТ.

Як вядома, 9 студзеня Ігару Логвінаву прызначылі штраф у 5 мільёнаў рублёў і загадалі спагнаць на карысць дзяржавы 961 мільён рублёў прыбытку за гандаль без ліцэнзіі Міністэрства інфармацыі.

Злева направа: Андрэй Хадановіч, Ігар Логвінаў, Уладзімер Арлоў, Валянцін Акудовіч

У прэсавай канферэнцыі акрамя выдаўца ўзялі ўдзел філосаф Валянцін Акудовіч, пісьменнік Уладзімер Арлоў, а таксама паэт, перакладчык і Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч. Мадэраваў сустрэчу арт-дырэктар кнігарні "ЛогвінаЎ" Павел Касцюкевіч.

— Нягледзячы на тое, што мы збіраемся абскардзіць рашэнні суда, мы не маем ілюзій адносна справядлівасці юрыдычнай сістэмы. Штраф, хутчэй за ўсё, неабходна будзе выплаціць, — кажа Ігар Логвінаў. — Кнігавыдавецкі сектар у Беларусі — найбольш цэнзураваны ў эканамічным і бюракратычным плане ў параўнанні з астатнімі відамі камерцыйнай дзейнасці. Складваецца ўражанне, што асноўная мэта заканадаўства ў дадзенай сферы — абмежаваць працу, пазбавіць свабоды выказвання. Таму мы спадзяемся на салідарнасць з боку грамадскай супольнасці ў тым, каб выплаціць штраф і адстаяць кнігарню.

Пісьменнік Уладзімер Арлоў у сваім слове адзначыў, што за час свайго існавання кнігарня стала культавым месцам, пляцоўкай для публічных дыскусій, музычных канцэртаў і прэзентацый кніг.

Злева направа: Ігар Логвінаў, Уладзімер Арлоў, Валянцін Акудовіч, Павел Касцюкевіч

Спадар Уладзімер выказаў упэўненасць, што аўтары і сябры выдавецтва “ЛогвінаЎ”, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі гатовыя паспрыяць кнігарні ў правядзенні дабрачынных аўкцыёнаў і акцый, якія дазволяць сабраць неабходныя для выплаты сродкі.

— Гэта фактычна адзіная кнігарня ў Мінску, дзе свабодна і мірна суіснуюць на паліцах кнігі на беларускай, рускай, польскай, украінскай і многіх іншых мовах, — сцвярджае Андрэй Хадановіч. — І калі мы думаем, як шарагоўцы ў рэпрэсіўныя савецкія часы: “Зараз пагрукалі ў суседнія дзверы, а да мяне не дойдуць”, то мусім прыгадаць урокі гісторыі, якія кажуць, што на адных дзвярах звычайна не спыняюцца. Зараз мы — і аўтары, і чытачы — маем шанец матэрыяльна падтрымаць нашае ўлюбёнае месца, і гэта будзе сапраўдным унёскам у развіццё сучаснай беларускай культуры.

Тэкст і фота: ВТ

             

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"