Ігар Шклярэўскі адзначае юбілей

Шаноўны Ігар Іванавіч, прыміце нашыя шчырыя віншаванні і зычэнні ўсяго найлепшага — здароўя, моцы, далейшай плённай працы на карысць як расійскай, так і беларускай культуры!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Ігар Шклярэўскі нарадзіўся 25 чэрвеня 1938 года ў Бялынічах на Магілёўшчыне ў сям'і настаўнікаў. Вучыўся ў магілёўскім педагагічным інстытуце, пасля закончыў Літаратурны інстытут імя Горкага. З 1964 года сябар Саюза пісьменнікаў СССР.

Яшчэ падчас вучобы надрукаваў у Мінску свой першы вершаваны зборнік «Я иду!» (1962), а ў 1964-м, таксама ў Мінску, выйшла другая кніга «Лодка», якая атрымала станоўчыя водгукі Барыса Слуцкага.

У 1980  1986 гадах Шклярэўскі выканаў пераклад "Слова пра паход Ігаравы", які быў высока ацэнены Дзмітрыем Ліхачовым.

Паэт цяжка перажываў Чарнобыльскую катастрофу, што здарылася на зямлі, адкуль ён родам. У 1987 годзе за атрыманую Дзяржаўную прэмію высаджваў у Беларусі лясы. І цяпер ёсць "лес паэта Ігара Шклярэўскага".

Цяпер  састаршыня Саюза расійскіх пісьменнікаў.

Аматар азартных гульняў, у 2005 годзе быў ганаровым госцем Адкрытага пяршынства Расіі па прэферансе. 

Паэт Міхась Скобла два гады таму сустракаўся з Ігарам Шклярэўскім. Адбылася адметная гутарка, надрукаваная ў часопісе "Дзеяслоў" № 60 і размешчаная на нашым сайце, а таксама на рэсурсе "Радыё Свабода". Падрабязна з гэтай размовай можна пазнаёміцца тут.

– Разумееце, ёсць беларускія словы незвычайнай сілы. Напрыклад, слова “далягляд” больш значнае, чым “горизонт”, чым “мироколица”. У “даляглядзе” ёсць усё – і прастора, і фізічнае ўспрыманне гэтай прасторы. Усё ў адным слове, і я шкадую, што яго няма ў рускай мове. Мова валодае незвычайнай жывучасцю, яна можа падпольна існаваць вельмі доўгі час, а потым расцвісці ў нечаканым месцы ў нечаканы час. І я ўпэўнены – беларуская мова ніколі не знікне. І чым болей будзе моцных вершаў, моцнай прозы, тым мацней будзе адчуваць сябе мова. Літаратура трымаецца за слова, але яна ж і ратуе мову. Роля літаратуры велізарная. Мову нельга выратаваць аніякімі ўказамі, яе нельга адгарадзіць ад другіх агрэсіўных моваў аніякімі шлагбаўмамі, яе можна выратаваць толькі знутры – прыгажосцю слова, радка, гучання. Калі на мове пішуцца шэдэўры, яна набірае сілу. Толькі так. <...> — распавядае спадар Ігар.

 

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"