Навіны

13 красавіка знаны кніжны графік і каліграф Генадзь Мацур сьвяткуе сваё шасьцідзесяцігодзьдзе. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага нефармальнага моладзевага руху 1970–1980 гадоў, сябра мастакоўскае суполкі «На паддашку» і студэнцкае «Майстроўні», ён лічыць пачуцьцё свабоды галоўным у творчасьці.

Генадзь Мацур нарадзіўся ў Чашніках, скончыў Менскую мастацкую вучэльню імя Глебава і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер акадэмія мастацтваў). Там жа стаў дацэнтам, выкладчыкам. Працаваў мастацкім рэдактарам, галоўным мастаком выдавецтва «Беларусь» (1986–1996), мастацкім рэдактарам, галоўным мастаком выдавецтва «Графема» (1993–2000). З 2009-га запрошаны сябра Расейскага нацыянальнага Саюзу каліграфаў.

Аформіў больш трохсот кніг, удзельнічаў у шматлікіх нацыянальных і міжнародных выставах. Ляўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў «Мастацтва кнігі». Творы знаходзяцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, прыватных калекцыях Беларусі, Расеі, Эўропы, ЗША.

З Генадзем Мацурам гаварыла Валянціна Аксак.


—​ Шаноўны сп. Генадзь, віншуем з днём народзінаў! Хай дужая рука шпарка водзіць па паперы аловак, пяро, пэндзьлік, што там яшчэ за інструмэнты ў спрытных пальцах сучаснага графіка…

Вашы сёньняшнія 60 дакладна дзеляцца на чатыры чвэрці. І тры зь іх — вы мастак. А якім і ў колькі гадоў быў ваш самы першы малюнак? Ці захаваўся ён?




—​ Дзякуй, хаця я спакойна стаўлюся да круглых датаў і юбілеяў. Да нумаралёгіі таксама стаўлюся без фанатызму, хоць бывае цікава нешта падзяліць на 4 ці на 3. Вось і вы нагадалі пра 60, буду цяпер сядзець, дзяліць і ўспамінаць пражытыя гады.

Пра першы малюнак дакладна не магу сказаць, калі пачаў крэмзаць, бо алоўкі і папера ў мяне былі з маленства. Памятаю толькі, што падабалася рабіць перамалёўкі з рэпрадукцый сусьветна вядомых мастакоў.

—​ Што прывяло пятнаццацігадовага падлетка з Чашнікаў у Менскую мастацкую вучэльню?

—​ Выпадковасьць і заканамернасьць. Чамусьці і я, і ўсе навокал ведалі, што я буду вучыцца на мастака. Але ніхто ня ведаў, як і дзе. І вось у канцы 8-й клясы нехта з маіх аднаклясьнікаў прынёс кавалачак газэты з аб’явай, што Менскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава запрашае... Так я даведаўся пра вучэльню, пра тое, што туды прымаюць толькі пасьля 8-й клясы, і стаў зьбіраць клункі.




—​ Ці лёгка давалася мастацкая навука хлапчуку без папярэдняе спэцыяльнае падрыхтоўкі? Мастацкай школы ў Чашніках ці нават нейкае мастацкае студыі вы ж ня мелі, як я разумею, за плячыма.

—​ Тут атрымалася так. Калі я вучыўся ў пятай клясе, да нас у школу прыехаў малады выпускнік мастацка-графічнга факультэту Віцебскага пэдінстытуту Анатоль Мікалаевіч Варчэня, які выкладаў у мяне маляваньне. З той пары і пачалася мая «творчая мастацкая дзейнасьць». Заняткі ў мастацкім гуртку пры школе, выхады на пленэр, заняткі лінагравюрай і рысаваньне гіпсоў. Тое-сёе з тае пары ў мяне захавалася, і я зрэдку паказваю самым блізкім сябрам свае першыя мастацкія спробы.

Так што я прыехаў у вучэльню ўжо даволі добра падрыхтаваным, і мне не было вялікай праблемы паступіць на вучобу. Дапамагла і самаўпэўненасьць, я адразу сказаў бацькам пасьля сваёй паездкі ў Менск для падачы дакумэнтаў у вучэльню, што паступлю без варыянтаў, нічога складанага там няма.

А падчас вучобы ў мяне зьявіліся і выдатныя сябры і пэдагогі, зь якімі я застаўся на ўсё жыцьцё.




— Пасьля вучэльні быў тэатральна-мастацкі інстытут, у якім у тыя гады (1979–1984) квітнела багема, эстэцкія тусоўкі, спакусы лёгкіх грошай, прыгожых дзяўчат і салодкага жыцьця. Што самае яркае і незвычайнае засталося ў памяці са студэнцкага часу?

—​ Усё гэта, зразумела, было. Капусьнікі, на якія зьбіраўся ўвесь горад, нейкія пэрформансы, страшна сказаць — выпіўкі. Але і шмат працавалі, нейкая была мода працаваць суткамі, у выходныя і сьвяточныя дні. Бо па вялікіх савецкіх сьвятах нас не выганялі на дэманстрацыі. На гэты конт ёсьць шмат мітаў і вэрсій, чаму тэатральна-мастацкаму інстытуту забаранілі ўдзельнічаць у дэманстрацыях.

І яшчэ гэтае пачуцьцё вальналюбства і свабоды, якое было ці не ва ўсіх тагачасных студэнтаў і засталося зь імі на ўсё жыцьцё.




—​ Год заканчэньня вучобы ў інстытуце — гэта і год пачатку вашага актыўнага выставачнага жыцьця. Я налічыла каля паўсотні экспазыцый, дзе выстаўляліся вашы творы. Якая і дзе была самая важная і незабыўная для вас?

—​ Як звычайна, першая прафэсійная выстава, у якой я браў удзел, была выстава, прысьвечаная 500-годзьдзю Міколы Гусоўскага ў 1980 годзе, калі я быў яшчэ студэнтам. Праз шмат гадоў я даведаўся, што на мой плякатны трыпціх, прысьвечаны звароту Міколы Гусоўскага да каралевы Боны, адгукнуўся Ўладзімер Караткевіч у сваім дзёньнікавым запісе.

Але самая першая «пэрсанальная» выстава была ў чашніцкім Доме культуры, калі я вучыўся ў 6-й ці 7-й клясе, ужо дакладна і ня памятаю. Арганізаваў яе ўсё той жа мой выкладчык маляваньня А. М. Варчэня.




—​ Давайце пагаворым крыху пра жанр, у якім вы сьцьвердзілі сябе ў сучасным мастацтве. Для пачатку скажыце, чаму вы выбралі менавіта графіку?

—​ Яшчэ падчас вучобы ў мастацкай вучэльні я захапіўся шрыфтамі. Сьвет літар мяне зачараваў у прамым сэнсе, і гэта не прыгожыя словы, а так і было. А яшчэ нехта з пэдагогаў сказаў, што калі нічога не разумееш у колеры, то карыстайся ахраматычнай гамай. Той парадай я і скарыстаўся.

У інстытуце сышоўся са сваім пэдагогам Паўлам Апанасавічам Семчанкам, пачынальнікам беларускай школы шрыфтавой графікі, што дало новы штуршок майму захапленьню мастацтвам літары ў больш шырокім дыяпазоне. З прафэсарам мы сябруем і да сёньня, і яшчэ ладзім агульныя шрыфтавыя праекты.




—​ «Бібліятэка Свабоды», «Бібліятэчка часопіса „Дзеяслоў“», сотні кніг самых розных аўтараў пабачылі сьвет, пабываўшы перад тым у вашых руках. Як кніжны графік кім вы сябе адчуваеце? Дызайнэрам кнігі ці яе суаўтарам?

—​ Зразумела, што я «абслуговы пэрсанал» у аўтара. Але калі-небудзь дазваляю сабе дзёрзкасьць і даю аўтару парады, праўлю памылкі, ці прашу скараціць ці перапісаць тэкст пад маю мастацкую задуму. Аўтары звычайна думаюць, што я жартую, і ня хочуць нічога мяняць, але калі кажу, што сам папраўлю тэкст, бязь іх, то адразу згаджаюцца. Але без добрага аўтарскага тэкставага падмурку ніколі не атрымаецца добрага дызайну. Зразумела, тут суаўтарства абавязковае.




—​ Вы славуты каліграф. Што такое мастацтва рукатворнай каліграфіі ў век, калі кампутар можа стварыць любы мастацкі твор?

—​ Каліграф — гэта вельмі высокае званьне. Я хутчэй графік-дызайнэр, кніжны дызайнэр, які яшчэ крышку займаецца каліграфіяй. Проста каліграфія дапамагае мне ва ўсім. Калі цяжка, калі ня хочацца нічога рабіць, можна нават нічога не пісаць, але толькі падумаць пра каліграфію ці паглядзець працы выдатных майстроў, адразу становіцца лягчэй. А яшчэ каліграфія — гэта энэргетыка, тое, што ніколі ня створыць машына. На самой справе мне вельмі падабаецца кампутар, ён як прылада вельмі дапамагае. Але ён робіць толькі тое, што ты яму загадаеш. Ён выдатны выканаўца, але ня творца.




—​ Вы дацэнт Акадэміі мастацтваў, вучыце моладзь каліграфічнаму майстэрству. Хто яны, вашы студэнты? Гледзячы на іх, як вы думаеце, ці ёсьць будучыня ў гэтага жанру?

—​ Раней я б сказаў, што няўмекі, нічога ня робяць і ня хочуць рабіць. Але з гадамі станаўлюся больш памяркоўным, пачынаю заўважаць і добрае. На занятках мы размаўляем больш прафэсійна і крытычна, стараемся гаварыць праўду адно аднаму. Бо творчасьці немагчыма навучыць наўпрост; рамяству так, творчасьці — не. Толькі апасродкавана ці асабістым прыкладам можна паспрыяць разуменьню творчых працэсаў.

Але я бачу праблему больш сыстэмна. У школах дзетак ня вучаць прыгожа пісаць. А прыгожа пісаць — гэта прыгожа думаць, больш разумець эстэтыку навакольля. Гэта важна для ўсіх прафэсій, а ўжо для дызайну асабліва. Знаходзяцца адважныя пачаткоўцы, якія не абыходзяць увагай і шрыфт. І я заўсёды рады дапамагчы ім, чым магу.

І яшчэ, калі я іх доўга ня бачу, разумею, што іх усіх люблю.




—​ І Вашы студэнты, і калегі, і сябры, і, вядома ж, родныя хочуць сёньня асабіста павіншаваць вас са слаўнай датай у вашым жыцьцяпісе. Як вы зьбіраецеся прымаць віншаваньні ў гэты складаны і рызыкоўны для здароўя імяніньніка і гасьцей час?

—​ Самае складанае пытаньне.

Улічваючы ўсе сёньняшнія варункі, самае простае, што я магу параіць, гэта ў думках успомніць і нешта пажадаць мне, а я пажадаю нешта ў адказ. Толькі адна ўмова: зычыць добрае!

***

Рыгор Барадулін — Генадзю Мацуру

Mater atrium necessitas

Маці ўсіх мастацтваў — неабходнасьць.
Неабходнасьць рупіцца,
Каб жыць.
Неабходнасьць змусіць верагоднасьць
Да задумы плён прываражыць.

Неабходнасьць звыклае зьіначыць,
Прыкарміць сьвятлом,
Як птушак дні.
У падкове
Сьмех вясёлкі бачыць,
Чуць у слове
Крокі цішыні.

Сьцежка да раскутасьці крывая.
Лёс здаўна
Скупы ў сваёй дзяльбе.
Мастака па-над сабой трымае
Неабходнасьць выказаць сябе…


Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуе даўняга сябра нашай арганізацыі, мастака-афармляльніка часопіса "Дзеяслоў" і кніжнай серыі "Бібліятэчка часопіса "Дзеяслоў" Генадзя Мацура з днём народзінаў і зычыць моцнага здароўя, бадзёрага настрою, натхнення на новыя творы!


Валянціна Аксак, Радыё Свабода
[TypeError] 
count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0)
/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50
#0: include
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#3: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515
#5: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#6: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#7: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#8: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16
#9: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#12: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336
#14: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#15: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#16: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#17: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107
#18: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184
#19: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2
----------