Ігнацы Карповіч: пісьменнік і падарожнік з беларускімі каранямі

Ігнацы Карповіч

Консул Рэспублікі Польшча Веслаў Раманоўскі, які вёў размову, прадставіў пісьменніка як ўладальніка ўзнагароды “Paszport Polityki 2010”. А сам пісьменнік на сустрэчы згадаў свае беларускія карані, бо нарадзіўся ён у вёсцы Случанка, а пазней з бацькамі пераехаў у Беласток.

Ігнацы Карповіч пагадзіўся на невялічкую размову.

— Ці была розніца паміж сустрэчамі ў Гародні і Беластоку?

— Зразумела, была пэўная розніца, але гэта, можна сказаць, тэхнічны бок. У Польшчы на сустрэчы людзі больш распытваюць — гэта такая ступень публічнай смеласці. Але і ў вас студэнты задавалі шмат пытанняў. А так амаль ніякай розніцы не адчувалася. Для мяне Гародня — гэта нібыта Беласток, горад, дзе я правёў шмат часу.

— Пра што, на вашу думку, вашыя кнігі?

— У першую чаргу яны пра людзей — пра эмоцыі, пра спробу пошуку свайго месца ў жыцці і ў грамадстве. Спроба стварэння такога сусвету, у якім будзе магчыма жыць.

— На сустрэчы вы шмат казалі пра падарожжы. Дзе вам ўдалося пабываць?

— Быў у маім жыцці час, калі я шмат падарожнічаў. Пабываў і ў Паўднёвай Амерыцы, і, напрыклад, у Эфіопіі. Падчас вучобы я займаўся гісторыяй гэтай краіны. Але цяпер гэты час прайшоў. Такія падарожжы ў нетурыстычныя месцы, дзе няма ніякай інфраструктуры, вельмі стамлялі. Таму цяпер мае падарожжы — не далей, чым тры гадзіны палёту самалётам з Варшавы. Напрыклад, я са сваёй вёскі хутчэй апынуся ў Будапешце, чым у Шчэціне. Самалёт вельмі скарачае адлегласці. І я неяк не адчуваю сябе ў іншым месцы, для мяне Еўропа не ўпісваецца ў панятак “падарожжа”. Бо падарожжа — гэта Амерыка, Афрыка, Філіпіны, Азія, а Еўропа — яна для падарожніка нейкая зручная. Нібы з горада ў горад пераехаць.

— Чым для вас ёсць беларуская мова?

— Я яе разумею, хоць шмат гадоў таму згубіў з ёй кантакт. Не ўсе, канечне, словы, бо некаторых словаў пры дзіцяці не ўжывалі. Але я саромеюся на ёй размаўляць. Не люблю рабіць пры размове памылкі. Але мне вельмі прыемна бачыць у нас бабулек ці дзядулек, якія размаўляюць па-беларуску. Калі мае бацькі пачалі старэць, беларуская, іх першая мова, да іх вярнулася. Яна перабівае мову польскую. Напрыклад, польскае слова згубілася, а беларускае засталося на месцы. І гэта вельмі прыгожа — такі прыклад двухмоўя.

— Кім вы больш сябе адчуваеце: палякам ці беларусам?

— Я сябе ідэнтыфікую з мовай, з той мовай, у якой я працую, — і гэта польская мова, адзіная спроба ідэнтыфікацыі.

Сустрэча была арганізаваная Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча сумесна з выдавецкай ініцыятывай “Гарадзенская бібліятэка”.

Фота Андрэя Мялешкі

budzma.org