10 год без Янкі Брыля

Артыкул праекта "TUT.BY - рукапісы не гараць…"

Янка Брыль, 1979 г.


Бацька Янкі Брыля, Антон Данілавіч Брыль, паходзіў з вёскі Загор’е (Загора), што на Навагрудчыне, але ў 1914 годзе апынуўся ў Адэсе, дзе ўладкаваўся на працу чыгуначнікам. Там жа ў Адэсе 4 жніўня 1917 года нарадзіўся і будучы пісьменнік. У 1922 годзе сям’я вярнулася на радзіму бацькі ў Заходнюю Беларусь, у родную Загору. У 1931 годзе Янка Брыль скончыў польскую сямігадовую школу ў мястэчку Турэц, потым паступіў у Навагрудскую гімназію, але матэрыяльныя абставіны не дазволілі яму працягнуць вучобу. 

Партрэт Я. Брыля, зроблены братам Міхаілам. 1937 г.


Вельмі рана ў юнака прачнулася жаданне выказаць свае думкі і пачуцці ў вершах, апавяданнях. "З чатырнаццаці год за сталага працуючы ў гаспадарцы, я многа чытаў, настойліва займаўся самаадукацыяй. Многія ночы праседжваў над першымі творамі", - адзначаў Я. Брыль у сваёй аўтабіяграфіі. 

Аўтабіяграфія. 1950 г.


У выніку ў 1938 годзе на старонках папулярнага ў свой час заходнебеларускага часопіса "Шлях моладзі" ўбачылі свет яго першыя літаратурныя спробы - вершы "Апошнія крыгі", "Ажываюць лес і поле…", "Запрог у саху Рыгор сівулю…", "Спатканне". 

"Вершы на роднай мове". Аўтограф. 1932-1940 гг.

"У пачатку лета". "Проста і ясна". Апавяданні. Аўтограф. 1934, 1936 гг.

"Звяга". Апавяданне. Аўтограф. 1937 г.


Акрамя літаратурных здольнасцей Янка Брыль меў яшчэ і арганізатарскі талент, займаўся культурнай і асветніцкай працай. У роднай вёсцы ён стварыў драматычны гурток, ставіў спектаклі і перакладаў на беларускую мову для тэатральнага рэпертуару творы рускіх і польскіх аўтараў. 

"Думкі аб народным тэатры". Артыкул. Аўтограф. 1938 г.


У 1939 годзе Я. Брыль быў прызваны ў польскую армію, якая першай спазнала гітлераўскую навалу. 

Запісная кніжка з запісамі дзённікавага характару. 1939 г.


У якасці кулямётчыка марской пяхоты ён удзельнічаў у баях з нямецкімі захопнікамі, пад Гдыняй трапіў у палон. У лагеры палонных прымусова працаваў рознарабочым, выношваў думку аб уцёку.

Паштоўка Я. Брыля з нямецкага палону, адрасаваная маці. 1941 г.


Але нават у тых экстрэмальных абставінах праяўлялася яго пісьменніцкая сутнасць - прага пісаць заставалася і за фашысцкім дротам. "Творчая работа не магла спыніцца і там: многае з пачатага было не толькі вынашана, але і "напісана" ў памяці", - успамінаў пісьменнік. 

"Алесь (Сірочы хлеб)". Апавяданне. Чарнавы аўтограф. 1942-1943 гг.


У верасні 1941 года Янка Брыль разам з сябрамі ўцёк з палону дахаты, а ў 1942 годзе стаў сувязным партызанскай групы Ц. Дуднікава, перадаваў звесткі аб дыслакацыі і перамяшчэнні нямецкіх войскаў у Мірскім раёне разведцы партызанскіх брыгад імя Жукава і "Камсамолец". У 1944 годзе, калі сям’я Брылёў пайшла ў партызаны, Янка стаў разведчыкам брыгады "Камсамолец", удзельнічаў у баях. 

Пасведчанне разведчыка партызанскай брыгады "Камсамолец". 1944 г.

Пасведчанне партызана Беларусі. 1970 г.


Акрамя таго, быў рэдактарам партызанскай газеты "Сцяг свабоды", наладзіў выданне сатырычнага лістка "Партызанскае жыгала", дзе друкаваў свае вершы, нарысы і фельетоны пад псеўданімамі Я. Пчала, І. Асцюг. Я. Б-ль. 

"Партызанскае жыгала". 1944, № 8, 28 мая.


Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе Янка Брыль пераехаў у Мінск, працаваў літсупрацоўнікам у рэдакцыі газеты-плаката "Раздавім фашысцкую гадзіну", узначальваў аддзел прозы ў сатырычным часопісе "Вожык", быў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР, намеснікам рэдактара часопісаў "Маладосць" і "Полымя". З мая 1945 года Янка Брыль - член Саюза пісьменнікаў СССР, з 1966 па 1971 г. - сакратар праўлення СП БССР. Двойчы абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Першы зборнік твораў Я. Брыля "Апавяданні" быў надрукаваны ў 1946 годзе. Услед за ім убачылі свет "Нёманскія казакі" (1947), "Вераснёвая рунь" (1949), "Ліпка і клёнік" (1949), "Зялёная школа" (1951) і аповесць "У Забалоцці днее" (1951), за якую ў 1952 годзе ён атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР. 

"У Забалоцці днее". Аповесць. Чарнавы аўтограф і кніга з дарчым надпісам Я. Брыля. 1951 г.


На працягу 1950-х гг. пісьменнік плённа працаваў у жанры аповесці (“Сірочы хлеб”, “У сям’і”, “На Быстранцы”). 

Янка Брыль, 1952 г.


За кнігу апавяданняў, замалёвак, нарысаў "Працяг размовы" ў 1963 годзе Я. Брылю была прысуджана Літаратурная прэмія імя Я. Коласа, а ў 1982 годзе за аповесць "Золак, убачаны здалёк" - Дзяржаўная прэмія Беларусі. У рамане "Птушкі і гнёзды" (1964), які ўвабраў у сябе матэрыялы неапублікаваных аповесцей, Я. Брыль адзін з першых паказаў вайну як супярэчлівую з’яву, увёў у беларускую ваенную прозу тэму духоўных каштоўнасцяў і праблему выбару арыенціраў. 

"Птушкі і гнёзды". Раман. Чарнавы аўтограф. 1963 г.


Пяру пісьменніка належаць кнігі "Роздум і слова" (літаратурна-крытычныя артыкулы, нататкі, 1963), "Трохі пра вечнае" (артыкулы, лірычныя нататкі, эсэ, 1978). Я. Брыль з’яўляецца адным з аўтараў кнігі "Я з вогненнай вёскі" (1975), напісанай сумесна з А. Адамовічам і У. Калеснікам, у якой сабраны ўспаміны людзей, ацалелых падчас карных аперацый фашыстаў, у выніку якіх былі спалены многія беларускія вёскі разам з іх жыхарамі. 

Янка Брыль, 1958 г.


Сам пісьменнік у адным з інтэрв’ю адзначыў, што перш за ўсё адчувае сябе апавядальнікам-малафармістам. Яго лірычныя мініяцюры, нататкі, абразкі атрымалі шырокае прызнанне чытачоў (зборнікі "Жменя сонечных промняў", 1965, "Вітраж", 1972, "Сёння і памяць", 1985, "Вячэрняе", 1994, "Пішу як жыву", 1994, "Сцежкі, дарогі, прастор", 2001 і інш.). 

"Малыя Прылукі (Ніжнія Байдуны)". Аповесць. Чарнавы аўтограф. 1974-1975 гг.


Іван Антонавіч Брыль вядомы як перакладчык твораў Л. Талстога, А. Чэхава, І. Крылова, П. Бажова, Г. Траяпольскага, А. Даўжэнкі, М. Канапніцкай, Я. Івашкевіча, Э. Ажэшкі, Б. Пруса і іншых. Творы пісьменніка перакладзены на шматлікія мовы народаў свету. 

Янка Брыль, 1988 г.


У 1981 годзе Я. Брылю было нададзена званне народнага пісьменніка Беларусі, з 1994 года ён - Ганаровы член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Я. Брыль быў старшынёй Беларускага аддзялення таварыства "СССР - Канада", членам Еўрапейскага аб’яднання пісьменнікаў, Міжнароднага ПЭН-клуба ад Беларускага ПЭН-цэнтра. 

Білет члена Еўрапейскага аб’яднання пісьменнікаў. 1961 г.


Білет члена Міжнароднага ПЭН-клуба ад Беларускага ПЭН-цэнтра. 1989 г.


Узнагароджаны 2 ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, "Дружбы народаў", "Знакам Пашаны", медалямі.

Янка Брыль, 1996 г.


Янка Брыль пайшоў з жыцця 25 ліпеня 2006 года. Адна з вуліц Мінска носіць яго імя, а асабісты архіў пісьменніка захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі пад нумарам 10 і складаецца з 1304 адзінак захавання. Рукапісы пісьменніка захоўваюцца таксама ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. 

Матэрыялы падрыхтавалi Таццяна Жук, Марына Ліс, навуковыя супрацоўнікі аддзела бібліятэкі.

TUT.BY