30-годдзе «Тутэйшых» адзначылі ў Мінску (+ФОТА)

Імпрэза нечым нагадвала вечар сустрэчы выпускнікоў пэўнай школы ці ВНУ: даволі вялікая зала ледзь не напоўніцу, але прынамсі на тры чвэрці складалася з саміх “тутэйшаўцаў”. Старонніх слухачоў было досыць мала, тут усе былі свае, адно што даўно не бачыліся, і таму перад пачаткам на ўваходзе ў залу і ўнутры яе назіраўся ажыўлены рух, размовы і поціскі рук.

Рэч у тым, што і самыя “Тутэйшыя” былі арганізацыяй шматлюднай, можна сказаць, масавай, і ў пэўным сэнсе іх сапраўды можна было параўнаць, як гэта і рабілася цягам імпрэзы, з часамі 1920-х гадоў. Як і тады, у памяці засталіся толькі некалькі дзясяткаў дзеячоў культуры. Для астатніх “Тутэйшыя” засталіся прыемнымі ўспамінамі бурлівай маладосці другой паловы 1980-х.

Таму і старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, які першым атрымаў слова ад вядоўцаў вечарыны Сяргея Кавалёва і Алеся Бяляцкага, адразу ж павіншаваў наведнікаў “са святам сустрэчы даўніх сяброў” і параіў збірацца часцей, “хаця б раз на пяць гадоў, бо многія не бачыліся калі не трыццаць, дык дваццаць гадоў”:

- Я не пагаджаюся крытыкамі, якія пішуць, што “Тутэйшыя” – гэта страчанае пакаленне. Гэта абсалютна не так. Я б назваў нашае пакаленне хутчэй замоўчаным. Крытыкамі і літаратуразнаўцамі, афіцыйнымі структурамі. Замоўчаным наўмысна, спецыяльна, таму што нашае пакаленне ішло ў літаратуру і грамадскую дзейнасць апазіцыйным да таго часу, да той літаратуры, да афіцыёзу. Потым праз колькі гадоў адносна вольнай незалежнай Беларусі зноў вярнуліся часы, падобныя да савецкіх. “Тутэйшыя” фактычна ў поўным складзе засталіся ў сваім Саюзе пісьменнікаў, захавалі вернасць сабе маладым.

Як ствараюцца суполкі? Звычайна, яны ўзнікаюць не на пустым месцы. Павінна быць пэўнае кола, якое гуртуецца вакол асобы. Такое кола ўзнікла ў 1980-я вакол братоў Адамчыкаў, Адама Глобуса і Міраслава Шайбака. Такія колы маглі фарміравацца вакол рэдакцый, і так сталася з рэдакцыяй газеты “Хімік” у Наваполацку. У “Тутэйшых” усё пачалося з таго, што з Гомеля ў Мінск прыехалі тры волаты: Анатоль Сыс, Сяргей Дубавец і Алесь Бяляцкі. Добра, што Таварыства было легалізаванае тагачасным кіраўніцтвам Саюза пісьменнікаў, тут трэба падзякаваць Максіму Танку і Нілу Гілевічу, якія далі памяшканне, далі магчымасць збірацца ў Доме літаратара. На той час у Гомелі існавала адзіная філія “Тутэйшых” па-за межамі Мінску, якая існавала пры моладзевым аб’яднанні “Талака”. Раз на тыдзень мы збіраліся, да нас прыязджалі Данута Бічэль, Уладзімір Арлоў, Алег Мінкін. Тое былі вельмі цікавыя сустрэчы, дыскусіі пра літаратуру. Думаю, што гэтая старонка таксама павінна застацца ў гісторыі і не быць забытай.

Сумаваць не варта. Што такое 50 ці 60 гадоў для творцы – гэта сапраўдны росквіт. Думаю, лепшыя творы “Тутэйшых” яшчэ наперадзе.

Інтрыгу і нязгоду ўвёў у ход вечарыны Алесь Аркуш, былы “тутэйшавец” і заснавальнік Таварыства вольных літаратараў. Ён заявіў, што, хоць пакаленне і склалася, але яно не дало сакральнай кнігі, як гэта атрымалася ў нашаніўцаў ці ўзвышаўцаў. Усе кнігі вымушаныя былі выходзіць пад грыфам афіцыйных выдавецтваў, і таму неслі на сабе пячатку цэнзуры. Калі ж у дзевяностыя гады распачалася незалежная кнігавыдавецкая дзейнасць, “шлюзы закрыліся”, і сакральнай кнігі папросту ўжо не магло быць.

Сяргей Дубавец, аўтар маніфеста "Тутэйшых", не пагадзіўся ні з "страчанасцю", ні з нерэалізаванасцю: "Крыху смешна гаварыць пра "Тутэйшых" у мемарыяльным ключы, настолькі гэта нехарактэрна было для іх радыкальнай атмасферы. Усе былі рэзкія, маглі аблаяць творы на абмеркаванні, Сыс ці Глобус маглі так спрачацца, што хапаліся за грудкі. Наконт рэалізаванасці, то скажу, што аднаўленне "Нашай Нівы" было цалкам прадуктам "Тутэйшых" і па задуме, і па творах: жывая, адкрытая, творчая беларушчына. Беларуская літаратура наогул пакаленчая, было нашаніўства, былі дваццатыя гады з "Маладняком" і "Узвышшам", потым гады жаху, пасля чаго з'явілася філалагічнае пакаленне, дзецьмі якога фактычна і былі "Тутэйшыя". Цяперашняе пакаленне, можна сказаць, нашы дзеці, але яны яшчэ не аформіліся і асэнсаваць іх ніхто не бярэцца. А вось "Тутэйшыя" цалкам сфармаваная з'ява".

Вечарына ішла ў некалькіх накірунках. Хтосьці вырашыў дзяліцца сваімі ўспамінамі, хтосьці наадварот абмежаваўся вершамі, як Уладзмір Сіўчыкаў, Алесь Ліпай, Алег Мінкін, Людка Сільнова, Іна Снарская, нехта перамяжоўваў вершы і ўспаміны, як Славамір Адамовіч, Павал Зьмітрук і Міхась Скобла. Пра ўвагу да "Тутэйшых" з боку КДБ узгадалі Славамір Адамовіч і Максім Клімковіч. Па-над залай увесь час лунаў мяцежны дух Анатоля Сыса і сціплай паэткі Таццяны Сапач. То вылятаючы з успамінаў пра хлёсткія словы ці ўчынкі, то адбіваючыся на вялізарным экране са старога чорна-белага фотаздымка, але найбольш адчувальна - праз песні Вальжыны Цярэшчанка і Касі Камоцкай.

Напрыканцы літаратуразнаўца Сяргей Кавалёў яшчэ раз заклікаў усіх сяброў таварыства напісаць успаміны, апублікаваць старыя запісы і дзённікі, бо пакуль што пра васьмідзясятыя вядома значна менш, як пра дваццатыя. Застаецца спадзявацца, што толькі ўспамінамі "тутэйшаўцы" не абмяжуюцца.

Сяргей Кавалёў і Алесь Бяляцкі

Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч

Уверсе, злева направа: Алесь Аркуш; Валянціна Аксак, Уладзімір Арлоў, Аляксандр Лукашук; унізе: Сяргей Дубавец, Міхась Скобла

Злева направа: Вальжына Цярэшчанка, Уладзімір Сіўчыкаў, Славамір Адамовіч, Максім Клімковіч

Людка Сільнова

Алег Мінкін

Уверсе: Алесь Ліпай; унізе: Сяргей Кавалёў, Павал Дзмітрук, Уладзімір Арлоў

Іна Снарская

Сяржук Сыс, Наталля Кучмель, Аксана Спрынчан, Кася Камоцкая

Спявае Кася Камоцкая

Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org; фота Вікторыі Трэнас