100-годдзе з дня нараджэння Паўла Пруднікава

14 ліпеня спаўняецца сто гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка Паўла Пруднікава.

Павел Іванавіч Пруднікаў нарадзіўся ў вёсцы Стары Дзедзін Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні ў шматдзетнай сялянскай сям'і. Стрыечны брат паэта -- пісьменнік Алесь Пруднікаў. У 1924 г. П. Пруднікаў напісаў свой першы верш "Трапінка". На час вучобы ў школе прыпала беларусізацыя ў БССР. Гэта паспрыяла таму, што Павел з самага пачатку і надалей пісаў на беларускай мове.

Улетку 1930 г. у рэспубліканскай газеце «Піянер Беларусі» быў надрукаваны верш П. Пруднікава «На вакацыі». Гэтую падзею паэт лічыў пачаткам прафесіянальнай літаратурнай дзейнасці. У 1930 г. у газеце «Чырвоная змена» была надрукаваная нізка яго вершаў, якая стала падмуркам да першай кнігі паэзіі «Песні грузчыкаў» (1932 г., у сааўтарстве з Я. Субачом). У 1931 г. з’явілася першая паэма - «Пікет за пікетам». У 1930-я гг. пісьменнік выступаў у друку пад псеўданімам Паўлюк Буравей (каб не блытаць з Алесем Пруднікавым). У Мінску П. Пруднікаў пазнаёміўся са шматлікімі тагачаснымі беларускімі паэтамі і празаікамі, у тым ліку з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Міхасём Чаротам, Платонам Галавачом і іншымі. Пазней успаміны пра іх леглі ў аснову кнігі «Далёкае, але не забытае» (Мн., 1988 г.).

Пасля заканчэння Ленінградскага педінстытута імя Пакроўскага (Бубнава) у 1937 годзе пісьменнік быў арыштаваны. Павел Пруднікаў некалькі месяцаў утрымліваўся ў ленінградскіх «Крыжах». Атрымаў восем гадоў ссылкі. Спачатку быў этапаваны ў Бурацкую АССР. У зняволенні працаваў на будаўніцтве чыгунак, на будаўніцтве шыннага заводу ў Омску і горна-металургічнага камбіната ў Нарыльску, грузчыкам у рачным порце Енісейска (Краснаярскі край).

Пасля адбыцця тэрміну зняволення (жнівень 1945 г.) вымушаны быў некаторы час працаваць токарам вагоннага дэпо Нарыльскай чыгункі, потым загадчыкам бібліятэкі Нарыльскага горна-металургічнага тэхнікума. Пасля вяртання ў родныя мясціны (1946 г.) працаваў настаўнікам у сярэдніх школах Смаленшчыны (г. Рослаў, Рослаўскі і Ершацкі раёны).

У 1952 г. разам з сям’ёй нарэшце асеў на Браслаўшчыне ў вёсцы Слабодка. У студзені 1956 г. быў рэабілітаваны.

Зноў пачаў друкавацца з 1959 г., вярнуўшыся такім чынам да паўнавартаснай літаратурнай дзейнасці. Гэтую падзею паэт разглядаў як сваё другое нараджэнне, таму свой другі зборнік вершаў назваў «Час майго нараджэння» (1968).

У 1968-1969 гг. Павел Пруднікаў і яго сям'я пераехалі ў Мінск. У 1971 г. пісьменнік сышоў на пенсію, што дало яму больш часу займацца літаратурай і гэты перыяд стаў найбольш плённым у яго творчасці. З 1971 г. - член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

У 1970-1980-х гг. Павел Пруднікаў выдае шэраг зборнікаў вершаў, сярод якіх найбольш значны –  зборнік выбраных твораў "Мая магістраль" (1981 г.). 

З перабудовай у СССР стала магчымым пісаць і на тэму сталінскіх рэпрэсій. Яшчэ з 1950-х гг., з часоў адлігі, Павел Пруднікаў выношваў задуму напісаць пра страшэнныя падзеі, што адбыліся на яго вачах, і зрабіў першыя нататкі. Але магчымасць надрукаваць іх з’явіался толькі праз трыццаць гадоў. Першым такім творам была паэма «Таймыр» (часопіс «Полымя», 1988 г.).

У 1993 г. выходзіць кніга «За калючым дротам», якая складалася з двух аповесцяў: «Яжовыя рукавіцы» і «Пекла» –  найбольш значных твораў аўтара. Аповесці носяць аўтабіяграфічны характар.  У 1996 г. у сваім апошнім зборніку паэзіі «Пароша» Павел Пруднікаў змясціў паэму «Кожны другі», таксама прысвечаную ахвярам сталінскіх рэпрэсій.

Памёр Павел Пруднікаў 16 сакавіка 2000 года ў Мінску.

Прэсавая служба СБП