500-годнасць у Бярозе

У межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” у школе №1 і школе №3 г. Бярозы ў сярэдзіне сакавіка прайшлі творчыя сустрэчы з літаратарамі Берасцейшчыны Валянцінай Осіпавай і Аляксеем Белым. Яны былі прысвечаны галоўнай для славянскага свету падзеі – 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.

Валянціна Осіпава нагадала слухачам пра акцыю 500-годнасць, якая праходзіць у нашай краіне, распавяла пра асветніцкую дзейнасць Францішка Скарыны, правяла сярод школьнікаў гістарычна-інтэлектуальную віктарыну. Паэтка звярнула ўвагу вучняў на тое, што зараз усё большы прэстыж беларуская мова набывае сярод моладзі, распавяла пра літаратурныя выданні на роднай мове.

Аляксей Белы расказаў вучням пра свой творчы шлях, таксама пазнаёміў са сваімі вершамі. Сустрэча прайшла ў цёплай атмасферы. Дзеці дыскутавалі, дзяліліся думкамі і ўражаннямі. Многія з іх за актыўны ўдзел былі ўзнагароджаны памятнымі паштоўкамі, а школьная бібліятэка папоўнілася новымі экзэмплярамі сучасных беларускіх часопісаў.

Аляксей Белы, які ўпершыню наведваў Бярозу, з вялікім задавальненнем пазнаёміўся з гістарычнымі помнікамі, якімі слынны гэты гарадок. Баранавіцкі творца наведаў так званыя “чырвоныя казармы”, пабываў на месцы зруйнаванага Картузіянскага кляштара, дзе цяпер вядуцца рэстаўрацыйныя работы.

Ул. інф. Брэсцкага абласнога аддзялення СБП