33 хвіліны "Арэхападзення" — Віялета Пачкоўская прэзентавала сваю першую кнігу

Віялета Пачкоўская

Зборнік выйшаў у серыі “Пункт адліку” у межах “Кнігарні пісьменніка” Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Як адзначыла каардынатар серыі, паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева, “Арэхападзенне” стала дастойным працягам “Пункту адліку” і новым адкрыццём для аматараў сучаснай паэзіі:

—  Хачу падзякаваць Віялеце і ўсім удзельнікам нашай серыі, якія ёсць, якіх можна выдаваць, чытаць і прадаваць, распаўсюджваць і дарыць. Мы з задавальненнем чакаем новых аўтараў. Варта адзначыць унёсак у серыю Паўла Анціпава. Кнігай Віялеты мы распачалі, калі можна так выказацца, другое пяцікніжжа. Ужо выйшла кніга паэзіі Тані Скарынкінай, у друку — зборнік Кірыла Анохіна.

— Варта сказаць, што ў Віялеты, па маіх адчуваннях, ціхая паэзія, быццам перашэпты каханых перад сном, — дадала Юля, і напрыканцы свайго выступу агучыла ўласны верш пра горад.

Юля Цімафеева і Віялета Пачкоўская

Між выступамі гасцей Віялета зачытвала па адным сваім вершы. Напрыклад, твор “Смерць Дзеда Мароза” быў напісаны па асацыяцыі з аповедамі Андрэя Пакроўскага (аўтара кнігі “Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза”) — “муза, мужа, “воблака ў штанах”, паэта і мастака”, як прызналася з ціхай пяшчотай Віялета. Аднак выступ Андрэя адбыўся пазней. На сцэну быў запрошаны Павел Анціпаў.

Павел Анціпаў і Віялета Пачкоўская

Павел, пісьменнік і сябар сям’і Пакроўскіх, расказаў пра падрыхтоўку кніг Андрэя і Віялеты, а таксама пажартаваў, што чакае ўжо кніжкі маленькага Мацея, які прысутнічаў на прэзентацыі зборніка сваёй мамы і сур’ёзна, як дарослы, слухаў усіх выступоўцаў.

Андрэй Пакроўскі з сынам Мацеем

Па просьбе Віялеты Павел Анціпаў агучыў сваё самае першае апавяданне “Калі ласка, пакіньце вагоны”, якое карыстаецца папулярнасцю ў публікі.

Юля Арцёмава

Пасля прачытання “верша пра трамвай” Віялета Пачкоўская запрасіла да выступу Юлю Арцёмаву.

Уладзя Лянкевіч

З Уладзем Лянкевічам Віялета пазнаёмілася гадоў 10 таму, калі яны разам удзельнічалі ў конкурсе “Я маю твор”. Уладзя прачытаў уласны верш, а пазней выканаў яшчэ адзін свой паэтычны эцюд пад электрагітару.

Віялета Пачкоўская

Віялета прачытала тэкст “твае вусны як комін над хатай маёй бабулі”, прысвечаны мужу, і запрасіла выступіць Андрэя, які зазначыў: “Калі чую гэты верш, мяне заўжды прабівае на слязу. Мару калі-небудзь напісаць такі твор, які быў бы настолькі кранальны”.

Спадар Пакроўскі прачытаў кароткае апавяданне “Цяжкое пытанне”.

Напрыканцы вечарыны адбылася аўтограф-сесія Віялеты Пачкоўскай.

Тэкст: Віка Трэнас

Фота: Алена Казлова   

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"