“Ідзі адзін” – выйшла новая кніга Барыса Пятровіча

У выдавецтве "Кнігазбор" пабачыла свет новая кніга Барыса Пятровіча "Ідзі адзін".

"…Так, гэта быў 1993 год. Мне 33 гады. Узрост самі ведаеце каго. Узрост, калі хочаш ня хочаш, а падумаеш: вось і ўсё… Жыцьцё пражыта. Вучэньне ня створана. Вучняў няма.

Адчай несусветны.

Хтосьці да такіх гадоў увогуле не дажыў. Засіліўся. Застрэліўся. Утапіўся. Загінуў, словам… Але яны пакінулі напамін пра сябе. Метку. Спадчыну. Здалелі. Засталіся… І мы памятаем пра іх, ведаем, а то і вывучаем. У школе. Ва ўніверсітэце. А значыць – не дарэмна…

А тут – беспрасьветнасьць. Поўная. І ўсе мары ідуць у пясок. У тупую штодзённую працу, дзеля таго самага кавалка штодзённага…

Як жыць далей? Як?!

А жыць трэба. Калі ня дзеля сябе, дык дзеля таго, каго (так бяздумна, неабачліва!) на сьвет гэты пусьціў.

Трэба жыць. Сам загнаў сябе ў кут. Але хочацца, каб таксама не марна. Каб выканаць тую місію, дзеля якой (магчыма, дужа няпэўна, сумнеўна бясконца, але ўсё ж – магчыма), і ты зьявіўся на гэтым сьвеце і пакінуты тут...

Значыць, нягледзячы ні на што трэба кожны дзень працаваць. Над сабой. Над сваім. Над тым, што, магчыма, застанецца. Нават, калі яно не застанецца. А проста будзе. 

Па праўдзе сказаць, я забыў пра тыя запісы. Але, колькі  гадоў таму, пераязджаючы на іншую кватэру, натыкнуўся на іх. Перабраў-перагледзеў,  і з таго часу не даюць яны мне спакою. Не адпускае думка: а чаму б і сапраўды не надрукаваць іх так, як пісалася некалі? Бяз правак, бяз зьменаў...

Барыс Пятровіч"


Гэтая незвычайная кніга складаецца з запісаў, зробленых у далёкім студзені 1993 года, калі аўтар раптам вырашыў весці дзённік, а таксама штодзень пісаць кароткую прозу ў прыдуманых ім жанрах: мроях, піліпіках, апофрыках. У выніку атрымаўся адзін месяц жыцця,асветлены з розных бакоў, – асабістага, грамадскага, творчага... Другой «дзейнай асобай» гэтай кнігі з’яўляецца маладая дзяржава Беларусь, якой яна была ў студзені 1993 года. Такім чынам, чытачам прапануецца ўсяго адзін месяц з жыцця чалавека і краіны, якіх ужо няма. Бо час змяніў іх незваротна.


Кнігу ўжо можна купіць у мінскіх кнігарнях: 

"Акадэмічная кніга" (пр-т Незалежнасці, 72), 

"Веды" (вул. Карла Маркса, 36), 

"Кнігарня пісьменніка" (вул. Казлова, 2), 

"Кнігі і кніжачкі" (пр-т Незалежнасці, 14).  


А таксама онлайн, з дастаўкай ва ўсе кропкі свету ў Інтэрнэт-кнігарня Knihi.by