In memoriam. Наталля Арсеннева

Развітанне

Тонкай мглой абвязаліся сінія далі,
сінія-сінія далі на ўзмежжы нябёс.
Па жытох расплыліся вятраныя хвалі,
ветру плаўныя хвалі, што вечар прынёс...

I паволі, паволі чырвоным пажарам
занялося чырвоным пажарам усё:
і жыты, і кляноў верхавіны, і хмары,
й нат будзённае, шэрае ў шэрым, жыццё.

Дзень канаў з недаверлівай, кволай усмешкай,
з прыкрай, горкай усмешкаю хворых людзёў,
і звінелі яму развітанне узмежкам
зелянкавыя конікі – дзеці палёў.

Развітанне з жыццём, развітанне навекі,
развітанне навекі з жыццёвай маной,
калі чорная ноч моцна сцісне павекі,
моцна сцісне павекі над сцерплай зямлёй...

1924

Наталля Арсеннева

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"