Інгер Бротвайт у Школе маладога літаратара

У суботу Школу маладога літаратара W/Rights пры СБП наведала нарвежская паэтка і пісьменніца Інгер Бротвайт. Дапамагала ўзаемаразуменню аўтаркі і навучэнцаў паэтка і перакладчыца Ганна Комар.

Напачатку свайго майстар-класа адбылося кароткае знаёмства. Інгер сама выкладае ў нарвежскай і шведскай школах крэатыўнага пісьма, таму з вялікай цікавасцю слухала беларускіх "школьнікаў".

Разам з перакладчыцай Ганнай Комар пісьменніца агучыла свае філасофскія прынцыпы і падыходы да пісьма як працэсу. Прыемна зазначыць, што мы дамовіліся з Інгер Бротвайт на пераклад яе эсэ з англійскай мовы і публікацыю ў незалежным літаратурным друку.

Да Інгер было шмат пытанняў: як яна пачала пісаць, як функцыянуе літаратура і Школы пісьменніка ў Нарвегіі, што трэба чытаць, каб стаць пісьменнікам, якія аўтары і аўтаркі з'яўляюцца знакавымі для яе. Цікава, што сярод названых улюбёных кніг была кніга Святланы Алексіевіч "Час сэканд-хэнд". 

Сустрэча з пісьменніцай была цікавай і плённай, і былі выказаныя спадзяванні, што і надалей будзе атрымлівацца запрашаць замежных гасцей на майстар-класы Школы маладога літаратара W/Rights пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў.


ЦЧ, тэкст і фота для lit-bel.org