Ірына Ляшкевіч прэзентавала новую кнігу (ФОТА)

Ірына Ляшкевіч
Паэтка са Століншчыны Ірына Ляшкевіч прадставіла ў Мінску сваю паэтычную кнігу "Вас я чакала...", якая выйшла ў серыі "Кнігарня пісьменніка" Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Павіншаваць аўтарку прыйшлі яе родныя і блізкія, калегі, прыхільнікі яе творчасці. Вечарына была мультымедыйнай: акрамя "жывых" выступаў, гледачы мелі магчымасць пабачыць відэасюжэты, звязаныя з родным рэгіёнам Ірыны -- яе роднай вёскай Мачуль, яе творчасцю, паслухаць вершы паэткі ў выкананні розных людзей. З відэапрывітаннямі звярнуліся да Ірыны Ляшкевіч тыя сябры, якія не змаглі асабіста прысутнічаць на імпрэзе.

Паколькі Ірына не толькі паэтка, а таксама акардэаністка, фалькларыстка, кіраўніца мясцовага музычнага калектыву, цягам вечара гучалі не толькі вершы, аднак і песні. Завяршылася сустрэча аўтограф-сесіяй.


Тэкст і фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org