Навіны

Жывеш і з гадамі прыходзіш да высновы: самым справядлівым і праўдзівым гісторыкам быў, ёсць і застаецца уласна час. Бо толькі ён адзін — найбольш правільны і аб’ектыўны. Бо ніякая суб’ектыўнасць не зможа непрадузята расставіць акцэнты ісціны. І тым не менш, кожнаму з нас у меру здольнасцяў і ведаў хочацца даць сваю суб’ектыўную ацэнку людзям і падзеям. Таму не-не ды і зробіш спробу асэнсаваць жыццё са свайго пункту гледжання. Пра Алега Лойку, якому 1 траўня магло б споўніцца 90 год, піша Уладзімір Лайкоў.

Такім вось крыху філасофскім уступам хачу пачаць сваё слова пра цудоўнага паэта, таленавітага вучонага, дабрэйшай душы чалавека Алега Лойку. Балюча і сумна было на сэрцы, калі Алег Антонавіч пакінуў гэты белы свет і нас. Мінуў першы год, другі і нарэшце трэці. І тут памяць мая скіравалася да старонак лірычнага дэтэктыва Алега Лойкі «Кельты не ўміраюць». Успомніліся радкі пра тое, што кельты «…паміраючы, не паміралі, таму што яны ніколі не ахвяравалі сабой, так як верылі, што смерць — вароты ў іншае жыццё, лепшае, чым зямное. Таму яны не паміралі, а проста сыходзілі на “пераўвасабленне” ў іншы свет, і гэты адыход суправаджаўся рытуаламі, друідамі, песнямі, забеспячэннем воіна тым жа баявым канём і сякераю».

У Алега Лойкі тут заставаліся яго родныя, блізкія, сябры. І як пісаў ён сам ва ўступным слове кнігі аднаго лёсу: «Дрэва майго жыцця, ці ж адкінула ты хоць які цень — след на дарогі, якімі мне выпала ісці, ехаць, плыць, ляцець?..». Таксама як тут не ўспомніць радкі з лепшай паэтычнай кнігі творцы «Калі ў дарозе ты» (1971г.):

І што б я быў для чалавецтва,

Калі б не гэтая дарога,

Якая ў свет шырокі ўецца

Адсюль — з бацькоўскага парога…

Паспрабую сёння, у 90-гадовы юбілей Алега Лойкі (творца нарадзіўся 1 траўня), пашукаць адказу на гэтыя лірычна-філасофскія пытанні. У паўнавартасным (паэтычным, навуковым, дакументальна-даследчыцкім) аналізе жыццёвай дарогі паэта і вучонага свае словы ўжо сказалі і, несумненна, яшчэ скажуць літаратуразнаўцы, пісьменнікі, сябры і вучні. Я ж хачу спыніцца на думках, развагах, успамінах пра сваю асабістую з ім дарогу, якой мне таксама «выпала ісці, ехаць, плыць, ляцець…». Помніце, як ад усіх нас, Лойкавых студэнтаў прамовіла, ці лепей сказаць — выдыхнула непараўнальная Яўгенія Янішчыц:

Мы — Вашы вучні, Вашы дзеці,

А значыць — Ваш палёт і боль.

І з усяго, чаму вучылі,

Відаць, адчуеш праз вякі,

Што нават талент немагчымы

Без Вашай лёгкае рукі.

Нам прадаўжацца ў новай песні,

Шчырэць між зла і між бясед!

…Глядзіць прафесар,

як прадвеснік,

Запамінальна ўсім услед.

Помню той першы раз, калі ўбачыў і пачуў Алега Лойку. У дзясятым класе мой любімы настаўнік беларускай мовы і літаратуры Іван Ісакавіч Рабкоў арганізаваў прагляд тэлевізійнага ўрока «Сучасная беларуская паэзія». Тады я, 17-гадовы юнак, захоплена слухаў паэтычны аповед 39-гадовага доктара філалагічных навук, паэта Алега Лойкі. А праз некалькі месяцаў, у жніўні 1970 года, ужо сам здаваў уступны іспыт па беларускай літаратуры ў БДУ. Адным з экзаменатараў быў шаноўны Алег Антонавіч. Тая шчырая, па-бацькоўску клапатлівая атмасфера мала чым нагадвала класічны экзамен. Бо наша гутарка пра «Новую зямлю» Якуба Коласа паступова трансфармавалася ў мой маналог пра зіму-вясну 1908 года, калі народны пясняр перад мінскім астрогам некалькі месяцаў навучаў мясцовых дзетак сялян пана Гардзялкоўскага, а потым прывозіў іх на экзамен у маю родную Абчугскую, на той час царкоўна-прыходскую школу. Потым Алег Лойка ўзрадаваў мяне першай універсітэцкай адзнакай — пяцёркай. Яна і з’явілася, несумненна, шчаслівым дарункам і своеасаблівай метай лёсу. Бо потым за пяць гадоў вучобы ва ўніверсітэце па ўсіх наступных літаратурных дысцыплінах ніжэйшай адзнакі ніколі не было. Ды і мая дыпломная работа, прысвечаная паэзіі Рыгора Барадуліна, кіраўніком якой быў Алег Антонавіч, таксама была ацэнена вышэйшай адзнакай.

Ужо на першым курсе я пачаў наведваць славутае ўніверсітэцкае літаб’яднанне «Узлёт». І нават аднойчы з вялікім унутраным хваляваннем аддаў свайму настаўніку на разгляд сшытак са сваімі юнацкімі паэтычнымі спробамі. Праз нейкі час Алег Антонавіч вяртае сшытак са сваімі шматлікімі папраўкамі і акцэнтуе ўвагу на паэтычным эцюдзе «Бабіна лета». Адным словам, пакідае мне шанец на далейшы працяг вершатворчасці. Хаця я ўжо тады разумеў, што паэта з мяне не выйдзе. Як сапраўдны настаўнік, творца, чалавек і бацька, Алег Антонавіч надзвычай далікатна падводзіць мяне да гэтай думкі.

Але ўсё астатняе сваё жыццё пасля такога запамінальнага ўрока я жыву і дыхаю паэзіяй Беларусі і свету. А на ўспамін пра тое ў маёй немалой хатняй бібліятэцы месцяцца шматлікія кнігі, у тым ліку і Алега Лойкі. Некаторыя з іх — з аўтографамі паэта. «Дзівасіл» («Уладзіміру Лайкову ад Алега Лойкі на першым яго курсе навучання з пажаданнямі пяцёрак і вершаў. 18.11.1970 г.»); «Янка Купала», серыя «ЖЗЛ» («Уладзіміру Лайкову ў памяць аб філфаку шчыра, Алег Лойка. Мінск, 27.04.1983 г.»); «Скрыжалі» («Уладзіміру Лайкову — удзельніку майго паэтычнага семінара на філфаку, а сёння аднаму са слаўных дырэктараў СШ Барысаўшчыны. Шчыра — Алег Лойка. 27.09.1983 г.); «Каб не плакалі ка́ні» («Леначцы Лайковай, шчасця жадаючы, Алег Лойка. Мётча, 8.12.1984 г.»); «Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае» («Дарагім дзецям філфака — любым Любе і Валодзю Лайковым і іх дзеткам, спадзяюся — філфакаўцам таксама. Шчыра — Алег Лойка. У вас — 8.12.1992 г.»); «Неўміручасць» («Янку Лайкову, каб радаваў вершамі бацьку, маці, мяне. Алег Лойка. 1.05.2001 г.).

Ва ўніверсітэцкім жыцці Алег Антонавіч заўсёды быў побач. Яго лекцыі і семінары, артыкулы і кнігі, вершы і само жыццё таксама — усё гэта спадабляла мяне ў тым ліку і для заснавання сваёй будучай дарогі. З тых гадоў помніцца многае. Бліжэйшым і раднейшым Алег Антонавіч заставаўся для мяне яшчэ і таму, што ў адной філфакаўскай групе я вучыўся разам з ягонай дачкой Тоняй. Якія шчырыя дзіцячыя вершы, прысвечаныя ёй, неаднойчы чытаў нам паэт! А якое гаманкое было Тоніна вяселле ў Слоніме! Хіба такое калі забываецца?!

Потым жыццёвыя гасцінцы яшчэ неаднойчы звядуць нас з Алегам Антонавічам. Незабыўным застаецца прыезд паэта ў маю родную Мётчу ў 1984 годзе разам з Вячаславам Рагойшам, Кузьмом Хромчанкам і Анатолем Вярцінскім. Тыя снежаньскія дзень, вечар, ноч і ранак помняцца заўсёды. Асабліва — пасля вясковай лазні — доўгія, аж да самага ранку размовы пра час і пра сучаснікаў. Тады, ці не ўпершыню, я быў сведкам доўгага расповеду мінскіх гасцей пра першыя гады сталінскіх рэпрэсій, пра забойства Сяргея Міронавіча Кірава… Яшчэ не наступіла эпоха перабудовы і галоснасці. І многае ў тую ноч я адкрыў для сябе ўпершыню за трыццаць адзін год уласнага жыцця.

У будучым, ужо новым XXI стагоддзі, Алег Лойка перашле мне сваю кнігу аднаго лёсу «Дрэва жыцця» з наступным аўтографам: «Мётчынскаму Уладзіміру Лайкову. Лойка, які любіць мёд. З Лабазоўкі, 7 мая 2006 г.». Праўда, гэтую кнігу, але падпісаную Уладзіміру Маруку, сын Янка прывёз мне пачытаць крыху раней. Але і тады, калі я ўпершыню яе гартаў, і тады, калі перачытваў наноў падпісаны ўжо мне экзэмпляр, штораз вяртаўся ўспамінамі да той нашай мядоцкай сустрэчы…

Праўда, была ў нас яшчэ адна сустрэча ў Мётчы. У 1992 годзе, добрым і сапраўдным яшчэ нашым беларускім годзе. Тады я арганізоўваў для дырэктараў школ Барысаўшчыны маштабны семінар «Адраджэнне нацыянальнай школы». І менавіта Алег Антонавіч Лойка ад філалагічнага факультэта БДУ падключыў да работы семінара кафедру беларускай мовы і літаратуры. Наша нацыянальная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня», што з’яўляліся ў тыя гады афіцыйнымі дзяржаўнымі атрыбутамі, адпаведна настройвалі ўдзельнікаў творчай сустрэчы на глыбокі роздум пра мінулае і будучае Айчыны.

Таксама ніколі не забываецца яшчэ адна наша, здавалася б, выпадковая сустрэча ў цэнтры Мінска, каля Купалаўскага тэатра. У прысутнасці сына Янкі я запытаўся ў Алега Антонавіча: «Як будзем жыць далей? Усё заціхла, усё нашае роднае беларускае ў павалоцы густога і непрагляднага туману…». Мякка ўсміхнуўшыся, Алег Лойка адказаў так: «Усё будзе добра. І мова наша абавязкова будзе жыць. А туман… Туман заўсёды бывае перад добрым, цёплым і сонечным днём. Днём, калі лёгка дыхаецца, калі чысцее і святлее зямля!..».



Уладзімір Лайкоў, "Літаратурная Беларусь"
[TypeError] 
count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0)
/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50
#0: include
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#3: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515
#5: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#6: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#7: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#8: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16
#9: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#12: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336
#14: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#15: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#16: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#17: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107
#18: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184
#19: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2
----------