Каля Краснага прайшло паэтычнае свята "Ракуцёўскае лета"

28 жніўня ў Ракуцеўшчыне адбылося традыцыйнае свята паэзіі “Ракуцёўскае лета”. Ужо чвэрць стагоддзя ў філіі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча “Фальварак Ракуцёўшчына” каля Краснага збіраюцца аматары прыгожага пісьменства, каб узгадаць імя вечна маладога беларускага класіка.

Сёлетняе свята сабрала на старасцвецкім падворку паэтаў, пісьменнікаў, музыкаў, мастакоў, народных майстроў, якія бралі ў дзел у праграме свята. Апроч паэзіі і музыкі наведнікам сёлета прапаноўвалі агляд экспазіцыі музею, інтэрактыўныя забаўкі, квэсты і майстар-класы.

rakuy5500.jpg

Выступае Усевалад Сцебурака

Па запрашэнні дырэкцыі музея Максіма Багдановіча ў імпрэзе ўзялі ўдзел сябры і нашай пісьменніцкай арганізацыі – паэтка Наста Кудасава, бард Алесь Камоцкі, намеснік старшыні ГА “СБП” Усевалад Сцебурака.

Саюз беларускіх пісьменнікаў таксама падтрымаў актыўных удзельнікаў мерапрыемства прызамі – кніжнымі навінкамі з нашых выдавецкіх серый і свежым юбілейным нумарам часопіса “Дзеяслоў”.

УС, тэкст і фота для lit-bel.org