Караткевічу — 90!

Да 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча бард Алесь Камоцкі запісаў песню на словы юбіляра. Прэм'ера — на нашым сайце.


***
Як сканаю — душа застанецца
Ў ззянні кожнай крынічнай слязы,
У аеру, што з ветрам сячэцца,
Ў срэбных хвалях дняпроўскай лазы,
Ў бадзяках, што мячамі суровымі
Кожны родны вартуюць пляцень,
У шыпшыне, што ля Загор’я
Ля старэнькай капліцы цвіце,
У азёрах паўночных і ў нетрах,
У чырвоным начлежным агні,
Ў пільным флюгеры, што пад ветрам
Над страхою ў каханай звініць.
І аднойчы, на золку бязлюдным,
Уздыхне яму ветрык: «Пара!» —
І павернецца ён, і разбудзіць
І дзяўчыну, і свет, і край.
Будзе сонца.
Пад неба ў блакіце
Дуб-Атлас падставіць плячо,—
І тады вы той флюгер разбіце
Справядлівым і новым мячом.
Досыць мне чуць трывогу начную,
І сачыць, і кружляць на шпілі:
Абцяжарваць памяць зямную —
Не найлепшае на зямлі.
Што да снежня вечнаму маю?
Ціха! Сплю! Да сканчэння дзён
Сплю ва ўсім, што ты ёсць, дарагая!
Вечны ўзлёт табе!
Вечны мне сон.

Уладзімір Караткевіч



Музыка: Алесь Камоцкі
Словы: Уладзімір Караткевіч
Выконвае Алесь Камоцкі.




Месяц заснуў на коміне хаты,
Кінуў адбіткі на люстра вады.
Дрэвы густыя ў бліскучых латах,
Як вартавыя, вартуюць сады.
Ў цьмянае поле гляджу з-пад далоні,
Полымя бухае, нібы ў трубу.
Коні начлегу, ружовыя коні
Месяца іскры з травою скубуць.
Добра усім. А мая беласнежка
Полем не пройдзе каля лазняка,
Не прыбяжыць гэтай цёплаю сцежкай,
Бульбіну не пакачае ў руках.
Позіркам ясным мяне не адорыць,
Поруч з агнём не ляжа ў мурог
І не папросіць, каб сеў я поруч
І ад бяды невядомай бярог.
І не прыкрыюць вачэй яе сонных
Цёплыя пальцы маёй рукі...
Вельмі далёкія перагоны.
Вельмі марудныя цягнікі.

Уладзімір Караткевіч.
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"