14 кастрычніка ў Мінску пройдзе вечарына памяці Змітра Сідаровіча

У вечарыне памяці возьмуць удзел барды Аляксей ГалічАндрэй МельнікаўАляксей ЧумакоўЗміцер Бартосік і іншыя выканаўцы і гурты.

Мерапрыемства пачнецца ў мінскай Галерэі Ў а 19-ай гадзіне. Уваход вольны.

12165576_922939231109849_662078608_o

Зміцер Сідаровіч - вядомы беларускі музыка, дудар, паэт, арганізатар шматлікіх культурніцкіх мерапрыемстваў і праектаў. Нарадзіўся 2 кастрычніка 1965 года ў Мінску.

У трынаццацігадовым узросце пачаў пісаць песенныя тэксты. Па-беларуску пачаў пісаць у 1984-м, пасля паездкі на Падляшша.

У 1982-м заканчвае сярэднюю школу № 121 і паступае на будаўнічы факультэт Беларускага політэхнічнага інстытуту, дыплом па заканчэнні якога атрымлівае ў 1987 годзе. Потым – аспірантура і абарона дысертацыі. У 1992 годзе становіцца кандыдатам тэхнічных навук.

У 1991 годзе стварыў этна-рок-гурт “Камэлот”. Потым граў у гуртах “Гаспадары з-пад Вільні” (2000) і “Стары Ольса” (2002).

У 2008 годзе заснаваў капэлу “На таку”, якая ладзіла вечарыны традыцыйнага танцу. У апошні год жыцця займаўся адраджэннем беларускай застольнай музыкі.

Зміцер Сідаровіч быў не толькі вядомым музыкам, але займаўся і літаратурнай дзейнасцю. Выдаў кнігу вершаў “Тры жалуды”, стаў укладальнікам даведніка “Вялікія музыкі 20 стагоддзя”.

У апошнія гады Зміцер пачаў запісваць і выдаваць музыку для дзяцей. Прадзюсар “Дзіцячага альбому. Том І” (2010) і “Дзіцячага альбому. Том ІІ” (2012), у якіх удзельнічалі яго сын Тамаш і сын спявачкі Таццяны Грыневіч Адась.

Да апошняга дня працаваў па спецыяльнасці вядучым інжынерам ЗАТ “Белпраектстальканструкцыя”.

Памёр 17 траўня 2014 года.

 

eurobelarus.info