Кастрычніцкія сустрэчы з “Будзьма беларусамі!” ды Саюзам беларускіх пісьменнікаў

22 кастрычніка ў Пятрышкаўскай сельскай бібліятэцы адбыўся выступ Аксаны Спрынчан і Яраша Малішэўскага. Дзея разгарнулася перад настаўнікамі і вучнямі 3 – 5-х класаў. Імпрэза адбылася ва ўмовах добрага настрою і спрыяльнае атмасферы, якую стварылі і супрацоўнікі бібліятэкі, і самі настаўнікі. Аўдыторыя адразу ўлучылася ў дзею, якую пачалі выступоўцы.

Прывітаўшыся, спадар Яраш стаў знаёміць усіх з сакральным беларускім музычным інструментам – дудой, якая можа змушаць і да скокаў, і да спеваў, і да роздуму. Літаратурную частку выступу на сябе ўзяла шаноўная Аксана, сцісла і змястоўна апавёўшы пра свае кнігі розных гадоў. Разам з празаічнымі ўрыўкамі, вядома ж, чыталіся і вершы. Яны чаргаваліся з музычнымі фрагментамі ад Яраша Малішэўскага. Таямніча гучаў маленькі варган – інструмент чараўнікоў і шаманаў – выклікаў непадробнае здзіўленне. Маленькі саламяны пішчык сваімі мелодыямі вяртаў у лета, пяшчотныя спевы глінянай акарыны агортвалі восеньскімі фарбамі, а шматгалосыя дудкі стваралі амаль аркестровае выступленне.

Вершаваныя загадкі ад Аксаны заклікалі дзетак услухоўвацца ў кожнае слова, і знаходзячы адказ, шукаць патрэбную рыфму. Ад пачатку прысутныя даведаліся пра кампанію “Будзьма беларусамі!” і “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. І кожны прыз ад гэтых кампаній ўспрымаўся з захапленнем, даючы яшчэ і ўсведамленне пра тых, хто ёсць падтрымкай беларушчыны сёння. Запланаваныя сорак пяць хвілін расцягнуліся ўдвая, бо развітвацца ніхто не жадаў. А разыходзіліся задаволеныя сустрэчай – і дарослыя, школьнікі.

24 кастрычніка паэт Міхась Скобла і спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава завіталі на Віцебшчыну, зладзіўшы дзве літаратурна-музычныя сустрэчы: у Слабадской СШ на Лепельшчыне і ў Бягомлеўскай СШ Докшыцкага раёна.

Юныя лепяльчане аднойчы ўжо сустракаліся з вядомым творчым дуэтам – летась на археалагічных раскопках паблізу вёскі Бабцы, і вось гэтым разам запрасілі ўпадабаных творцаў да сябе ў школу. Сталічных гасцей, па іх словах, натхнялі ў Слабадской школе і Пагоня ў класах (старажытны беларускі герб – адзін з афіцыйных сімвалаў Лепеля і Віцебскай вобласці), і выслоўе Ф. Скарыны над школьным ганкам, і школьны краязнаўчы музей, створаны вучнямі пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Валерыя Тухты. Таму і сустрэча атрымалася плённай: цікавай, пазнавальнай, вясёлай ды інтэрактыўнай.

Вучні навыперадкі адказвалі на пытанні гістарычнай віктарыны, імгненна знаходзілі ў сваіх смартфонах “Куру-шчабятуру” і падпявалі Таццяне, рабілі з гасцямі сэлфі. Пасля сустрэчы адбыўся імправізаваны міні-турнір па настольным тэнісе, у якім госцю-паэту супрацьстаялі лепшыя тэнісісты школы.

Не менш захапляльна прайшла сустрэча і ў Бягомлеўскай школе, якую ў свой час закончыў Народны паэт Беларусі Пімен Панчанка. М. Скобла прыгадаў некалькі цікавых гісторый, пачутых непасрэдна ад Пімена Емяльянавіча: “Панчанка быў неверагодна шчырым чалавекам. Ужо ў першую нашу сустрэчу ён мне даверліва сказаў: Янку Купалу ў Маскве ў 1942 годзе забіла НКВД... Здзівіў мяне Панчанка і расказам пра свае адносіны з савецкай цэнзурай. Мне на той час уяўлялася, што, калі ты Народны паэт і лаўрэат дзяржаўных прэмій, то аніякія цэнзар з рэдактарам не маюць права да цябе чапляцца. Аказалася – яшчэ як чапляліся і цэнзуравалі Панчанку самым жорсткім чынам. Скажам, у яго быў верш “Родная мова”, які заканчваўся радкамі: “Ці плачу я, ці пяю? / Восень, на вуліцы цёмна… / Пакіньце мне мову маю – / Пакіньце жыццё мне!”. Кніга выходзіць, а там: “Ці плачу я, ці пяю, / Ці размаўляю з матуляю – Песню сваю, мову сваю / Я да грудзей прытульваю”. Добрым “дапаможнікам” па роднай літаратуры сталі для старшакласнікаў і песні ў выкананні Т. Грыневіч-Матафонавай – “Мой родны кут”, “Трэба дома бываць часцей”, “О, Беларусь, мая шыпшына” ды інш.

Гэтым жа днём у Падкраіцкай вясковай бібліятэцы прайшла творчая сустрэча з пісьменніцай Валянцінай Осіпавай. На сустрэчу з паэзіяй прыйшлі людзі розных прафесій і розных узростаў. Былі сярод слухачоў і школьнікі, якія цікавяцца прыгожай пісьменнасцю, і настаўнікі, і даяркі, і эканамісты. Усіх іх аб’ядноўвае вялікая любоў да літаратуры.

У весцы каля 400 жыхароў і 300 з іх пастаянна наведваюць вясковую бібліятэку. Загадчыца, Русаковіч Святлана Сцяпанаўна, шмат увагі ўдзяляе працы са сваімі чытачамі. Па яе ласкавым запрашэнні і адбылася паэтычная імпрэза. Спачатку, разам з другой вядучай, кіраўніком мастацкай самадзейнасці Сініца Аленай Васільеўнай, пазнаёмілі слухачоў з творчым шляхам бярозаўскай паэткі.

Спадарыня Валянціна таксама расказала пра геаграфію літаратурных сустрэч, пра дзейнасць кампаніі “Будзьма беларусамі!” і сяброў абласнога літаб’яднання “Берасцейскае вогнішча”. У зале панавала надзвычай цёплая атмасфера. Прысутныя не толькі ўважліва слухалі вершы Валянціны Осіпавай, але і самі дзяліліся сваёй творчасцю. Былая настаўніца, Анна Ўладзіміраўна Кугач, прачытала цудоўную нізку вершаў на беларускай мове, чым таксама ўразіла сваіх землякоў. З вялікай цікавасцю, асабліва школьнікі, слухачы прынялі ўдзел ў інтэлектуальна- гістарычнай віктарыне. Найбольш актыўныя ўдзельнікі атрымалі памятныя прызы і пачтоўкі. На памяць аб сустрэчы бібліятэка атрымала часопісы “Дзеяслоў” і кнігі на беларускай мове.

У нядзелю, 28 кастрычніка ў гарадзенскім “Цэнтры гарадскога жыцця” пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбылася другая адкрытая дыскусія на гістарычную тэматыку.

Ідэя правядзення адкрытых дыскусій належыць кандыдату гістарычных навук Міколе Плавінскаму. Галоўная мэта новага праекту – наладзіць прамы дыялог паміж прафесійнымі гісторыкамі і аматарамі мінуўшчыны, дазволіць гісторыкам наладзіць “зваротную сувязь” з аўдыторыяй, а аўдыторыі – атрымаць адказы на свае пытанні “з першых вуснаў”.

Адкрытая дыскусія “Фенікс над Нёманам” была прысвечана праблемам рэстаўрацыі Старога замку ў Гародні. Яе госцем стаў выдатны знаўца гісторыі фартыфікацыі і вайсковай архітэктуры Беларусі Новага часу, кандыдат гістарычных навук Мікола Волкаў. Госці адкрытай дыскусіі мелі магчымасць не толькі выслухаць погляд спецыяліста на гісторыю ўзвядзення Старога замку і праблемы яго сучаснай адбудовы, але і задаць яму пытанні, і абмеркаваць найбольш дыскусійныя аспекты сённяшніх будаўнічных работ на замкавым пагорку.


P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з ГКК “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!