Кастрычніцкія юбілеі СБП

Валянціна Осіпава нарадзілася 22.10.1959 г. у в. Абакумы, Гомельскай вобл. У 1978г. скончыла пінскі тэхнікум мясной і малочнай прамысловасці, потым завочна магілёўскі тэхналагічны інстытут. З 1978 г. працуе на Бярозаўскім сыраробчым камбінаце. З 1985 г. друкуецца у рэспубліканскіх выданнях. З 2005 г. сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў. Публікацыі у газетах "Рэспубліка", "Народная газета", "Заря",  "Маяк", у часопісах "Работніца",  "Братина", альманах "Жырандоля" і інш.

Павел Ляхновіч нарадзіўся 25 кастрычніка 1954 года на поўначы Мінскага раёна, ў в. Сярэдняя. Ранняе дзяцінства прайшло ў частых пераездах, сваю хату бацькі агоралі толькі ў 1968 годзе ў в. Ракаў, Валожынскага раёна. Адукацыю атрымоўваў ў Кіявецкай пачатковай (1961-65 г.г.), потым у Ракаўскай сярэдняй школе (1965-71 г.г.), Касьпійскім вышэйшым ваенна-марскім чырвонасьцяжным вучылішчы імя Кірава ў м. Баку, Азэрбайджан (1972-77 г.г.). Пасьля сканчэньня КВВМЧВ ім. Кірава праходзіў службу на падводных лодках і надводных караблях Паўночнага флоту( ракетны падводны крэйсер стратэгічнага прызначэньня К-424, энергетычныя судны ЭНС-244 і ЭНС-254). Працаваў аўтасьлесарам, намесьнікам дырэктара і дырэктарам малога прадпрыемства, "выбівалам" у рэстаране, трэнерам па кікбоксінгу і тайскаму боксу, целаахоўнікам, журналістам у пінскіх газэтах, будаўніком у Варшаве, Маскве, Салехардзе і Сургуце. Першыя публікацыі былі на старонках "Пінскага весніка" ў пачатку 90-х. Празаік, перакладчык, журналіст. Жыве ў Пінску.

Яўген Адамовіч нарадзіўся 25 кастрычніка 1934 года. Дацэнт кафедры мастацка-педагагічнай адукацыі факультэта народнай культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, кандыдат навук.

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць юбіляраў з днём народзінаў, зычаць моцнага здароўя, бадзёрага настрою, натхнення на новыя кнігі! 



Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"