Хто забіў Альбера Камю?

Альбер Камю. Фота: cambridgeblog.org
Французскі Нобелеўскі лаўрэат Альбэр Камю загінуў у аўтакатастрофе ва ўзросце 46 гадоў. У новай кнізе сцвярджаецца, што ён быў забіты шпіёнамі КДБ у адплату за сваю антысавецкую рыторыку.

Італьянскі пісьменнік Джавані Катэлі ўпершыню выказаў сваю тэорыю ў 2011 годзе, напісаўшы ў газеце Corriere della Sera, што ён знайшоў у дзённіку знакамітага чэшскага паэта і перакладчыка Яна Забраны меркаванні, што смерць Камю не была няшчасным выпадкам. Цяпер Катэлі пашырыў свае даследаванні ў кнізе пад назвай «Смерць Камю».



Камю памёр 4 студзеня 1960 года, калі яго выдавец Мішэль Галімар страціў кантроль над сваёй машынай і яна ўрэзалася ў дрэва. Камю памёр імгненна, а Галімар – праз некалькі дзён. Трыма гадамі раней аўтар кніг «Чужаніца» і «Чума» атрымаў Нобелеўскую прэмію за «асвятленне праблем чалавечага сумлення ў наш час».

«Аварыя, відаць, была выкліканая выбухам або зламанай воссю; эксперты былі збянтэжаныя тым, што яна адбылася на доўгім адрэзку прамой дарогі, дарога была шырынёй 30 футаў і з невялікім рухам на той момант», – пісаў Герберт Лотман у біяграфіі аўтара ў 1978 годзе.

Катэлі лічыць, што ўрывак з дзённікаў Забраны раскрывае праўду: паэт напісаў у канцы лета 1980 года, што «дасведчаны чалавек з добрымі сувязямі» сказаў яму, што віна ляжыць на КДБ: «Яны абсталявалі шыну інструментам, які працяў яе, калі аўтамабіль ехаў на высокай хуткасці»

Загад, паводле яго слоў, быў выдадзены Дзмітрыем Шапілавым, міністрам Замежных спраў Савецкага Саюза (1956-1957), у адплату за артыкул Камю ў французскай газеце «Franc-Tireur», апублікаваны ў сакавіку 1957 года.

«Падобна на тое, што выведцы спатрэбілася тры гады, каб выканаць загад. У рэшце рэшт ім гэта ўдалося, ды так, што да сённяшняга дня ўсе мяркуюць, што Камю загінуў у звычайнай аўтамабільнай аварыі», – піша Забрана ў сваім дзённіку.

З восені 1956 года Камю публічна падтрымліваў вугорскае паўстанне і вельмі крытычна ставіўся да савецкіх дзеянняў. Ён таксама публічна ўсхваляў і падтрымліваў рускага пісьменніка-антысаветчыка Барыса Пастэрнака.

Катэлі аддаў гады, даследуючы праўдзівасць запісаў Забраны. Для сваёй кнігі ён размаўляў з удавою Забраны Мары, расследаваў пранікненне КДБ у Францыю. Кніга таксама змяшчае паказанні спрэчнага французскага адваката Жака Вержэ. Катэлі звязаўся з Джуліяна Спазалі, італьянскім адвакатам, пасля публікацыі кнігі ў Італіі. Спазалі пераказаў размову, якую ён меў з нябожчыкам Вержэ пра смерць Камю:

«Вержэ сказаў, што няшчасны выпадак быў інсцэніраваны. На маю думку, у Вержэ было больш доказаў, чым ён хацеў мне паведаміць. Я ўстрымаўся ад дапытвання, – сказаў Спазалі, – не стаў працягваць расследаванне, і ўсё ж я памятаю, як Вержэ быў упэўнены, што інсцэніраваны няшчасны выпадак быў спланаваны аддзелам КДБ са згоды французскай выведкі».

Катэлі сказаў, што яго тэорыя не была ўхвалена дачкой Камю Кэтрын. Тым не менш кніга была апублікаваная ў Францыі, Аргентыне і Італіі ды атрымала падтрымку Поля Остэра, які назваў довады Катэлі пераканаўчымі.

«Жахлівая выснова, але пасля таго, як мы ператравілі доказы, якія даў нам Катэлі, становіцца цяжка не пагадзіцца з ім. Такім чынам, "аўтамабільная аварыя" зараз павінна быць перакладзеная ў іншую шуфляду "палітычнае забойства"», – піша Остэр ў прадмове.

«Я спадзяюся, што навукоўцы не будуць трымацца старой думкі, што гэта была простая выпадковасць, – сказаў Катэлі, які размаўляе з брытанскімі выдаўцамі аб перакладзе на ангельскую мову,  – думаю, мы абавязаны гэтым памяці Альбера Камю».

Кембрыджскую прафесарку французскай літаратуры Элісан Фінч кніга не пераканала: «Прыхільнікі тэорыі забойства прыслухоўваюцца да пісьменніка і кінарэжысёра (Поль Остэр); чэшскага пісьменніка і перакладчыка, чыя сям'я падвяргалася пераследу з боку камуністычнага рэжыму і ў якога былі важкія прычыны ненавідзець камунізм (Ян Забрана); скрайне супярэчлівага адваката Жака Вержэ, які, безумоўна, абараняў алжырскіх змагароў за незалежнасць, закатаваных французамі, але які стаў сумна вядомы праз скандальныя справы».

Фінч таксама ўсумнілася ў здагадках аб датычнасці да гэтага французаў. «Гэта азначала б, што забойства было адобрана на самым высокім узроўні і як мяркуецца, дэ Голем. Гэта, на мой погляд, непраўдападобна. Дэ Голь, сам выбітны пісьменнік, вельмі паважаў французскіх інтэлектуалаў, у тым ліку і тых, з чыімі поглядамі ён не згаджаўся», – сказала яна.


The Guardian