Колькі хочуць зарабляць пісьменнікі для поўнага шчасця?

Ці ведаеце вы, што натхняе ці, наадварот, астуджвае творчы патэнцыял пісьменніка? У 2019 годзе Каралеўскае літаратурнае таварыства Брытаніі зрабіла даследаванне пад назвай “Мой уласны пакой”. 

Ініцыятары даследавання натхніліся працай вядомай пісьменніцы Вірджыніі Вулф “Свой пакой” (1929), дзе апавядаецца, што аўтар можа стаць сапраўды свабодным і здольным ствараць шэдэўры толькі калі мае ўласны пакой і заробак, не меншы за 500 фунтаў, што на сёння адпавядае прыблізна 30 тысячам фунтаў на год (каля 3000 $ на месяц  — budzma.by ). 

Вось літаратурнае таварыства і вырашыла даведацца, ці дасягнулі пісьменнікі Брытаніі гэтага ўзроўню, і што ўвогуле трэба зрабіць для аўтара, каб яму камфортна працавалася.

Даследаванне базавалася на вывучэнні такіх аспектаў дабрабыту творцаў: патрэбы аўтараў, дапамога ад сваякоў і сяброў, асноўныя праблемы, якія даводзіцца вырашаць, а таксама што прымушае аўтара рухацца далей і падтрымліваць пастаянную пісьменніцкую дзейнасць. Для правядзення даследавання былі задзейнічаныя ажно 2166 аўтараў з ўсіх канцоў Брытаніі, прадстаўнікі мноства розных сацыяльных слаёў, расавых і гендарных груп.

Нягледзячы на тое, што Вірджынія Вулф лічыла, што галоўным стымулам для паспяховай дзейнасці аўтара з’яўляецца фінансавы дабрабыт, новае даследаванне прадэманстравала, што эмацыйныя праблемы турбуюць сучасных аўтараў нашмат больш. У адказ на пытанне, які тып дапамогі неабходны, 80% пісьменнікаў адказалі, што ім неабходны ўласны пакой, 65% — узаемная падтрымка, 60% — эмацыйная падтрымка, і толькі 58% — фінансавая. Гэтыя лічбы дэманструюць, што пытанні асабістай прасторы і эмацыйнай бяспекі хвалююць пісьменнікаў больш за фінансавыя турботы.

Што да фінансаў, то даследаванне прадэманстравала: большая частка аўтараў не атрымлівае ў год тую суму грошай, якую Вірджынія Вулф лічыла аптымальнай. Толькі 5% пісьменнікаў у Брытаніі маюць больш за 30 тысяч фунтаў на год з пісьменніцкай дзейнасці, большасць, прыкладна 67%, зарабляе да 10 тысяч.

Цікава, што толькі невялікая колькасць пісьменнікаў здольная пражыць на грошы, заробленыя з літаратуры. 10% рэспандэнтаў заявілі, што не маюць аніякай альтэрнатыўнай прафесійнай дзейнасці ці фінансавага падмурку, апроч творчасці. Больш чым палова адзначыла, што мае або падпрацоўку, або вольны графік (52%), а 20% аўтараў увогуле маюць пастаянную працу па-за літаратурнай дзейнасцю. Даследаванне паказала, што шанец пісьменнікаў зарабляць па 30 000 фунтаў на год у тры разы большы на іншай працы, чым літаратурная дзейнасць. 14% адсоткаў рэспандэнтаў зарабляе больш за гэтую суму на альтэрнатыўных працах.


Прыналежнасць да той ці іншай сацыяльнай групы таксама мае ўплыў на паспяховасць пісьменніцкай дзейнасці. Напрыклад, 25% удзельнікаў апытання аднеслі сябе да рабочага класу, прадстаўнікі якога склалі толькі 11% катэгорыі людзей, які зарабляюць больш за 30 000 фунтаў. Даследаванне таксама выявіла карэляцыю паміж расавай і гендарнай прыналежнасцю і заробкамі пісьменнікаў. 13% адсоткаў людзей ідэнтыфікавалі сябе як афрыканцы ці азіяты, але ў выніку склалі толькі 9% групы самых заможных пісьменнікаў. Цікавая дынаміка была заўважаная і з уплывам полу на фінансавае становішча. 72% удзельнікаў апытання былі жанчынамі, якія склалі 57% самых высокааплачваных пісьменнікаў. Адпаведна, мужчыны складалі прыблізна 25% рэспандэнтаў, але тым не менш яны ўтвараюць 41% пісьменнікаў, якія атрымліваюць найбольшыя ганарары. Лічбы дэманструюць, што ў Злучаным Каралеўстве людзі еўрапейскай расы і высокага сацыяльнага статусу маюць большы шанец на паспяховую аўтарскую дзейнасць.

Самымі вялікімі праблемамі для пісьменнікаў у пачатку кар’еры з’яўляюцца недахоп грошай, а таксама адсутнасць веры ў сябе і свае сілы, няведанне пра магчымыя механізмы дапамогі. 68% літаратараў лічаць галоўнай праблемай на шляху да пастаяннай дзейнасці фінансавыя цяжкасці. “Я пішу пастаянна, але мая жонка мае добрую працу — інакш я б не змог падтрымліваць сваю сям’ю адзін”, — кажа адзін з пісьменнікаў. 67% творцаў лічаць, што адсутнасць часу — іх галоўны бар’ер у дасягненні поспеху: “З улікам таго, колькі часу забірае мая асноўная праца, я магу пісаць толькі па адным-два радкі на дзень”. Можна зрабіць выснову, што фінансавыя цяжкасці і адсутнасць часу — гэта цесна звязаныя праблемы, якія турбуюць сучасных пісьменнікаў.

Адсутнасць веры ў сябе стала праблемай для 54% апытаных. Шмат хто з аўтараў заўважыў, што яны часта чуюць каментары ў свой бок, што ім не варта пісаць зусім, — своеасаблівы сацыяльны ціск, які прымушае людзей лічыць, што яны не могуць стаць паспяховымі. “Я адчуваў, што такія людзі, як я, ніколі не становяцца пісьменнікамі”, — кажа адзін з рэспандэнтаў.

Як высветлілася, сувязь з расавай і гендарнай групай таксама ўплывае на тое, якія праблемы маладыя аўтары хутчэй за ўсё сустрэнуць на сваім шляху. Напрыклад, праблема з адсутнасцю веры ў сябе больш праяўляецца сярод жанчын (50%, у мужчын — 39%), а таксама ў людзей нееўрапейскага паходжання — 76%. Важным аспектам з’яўляецца і тое, што існуюць іншыя фактары, якія могуць значна пагоршыць ацэнку свайго патэнцыялу. Напрыклад, 74% аўтараў з цяжкімі захворваннямі выказалі адсутнасць упэўненасці ў параўнанні з 69% у здаровых аўтараў.


Але самым цікавым кірункам даследавання быў аналіз таго, якім чынам аўтары здольныя, нягледзячы ні на што, працягваць сваю дзейнасць і адчуваць, што іх праца патрэбная. Пасля дыскусій з апытанымі высветлілася, што пісьменнікам вельмі важна ведаць, што плён іх дзейнасці прыносіць некаму карысць, а іх словы важныя для людзей, для грамадства. Таксама варта адзначыць ролю сям’і ў поспеху аўтара. Калі творца атрымлівае дастаткова ўвагі і ўпэўненасці ад сяброў і сваякоў, гэта дапамагае яму ўсвядоміць сваю важную ролю і працягваць пісьменніцкую дзейнасць.

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што фінансавыя цяжкасці з’яўляюцца хутчэй бар’ерам для пачатку літаратурнай дзейнасці, у той час як эмацыйныя канфлікты могуць стаць бар’ерам для працягу пісьменніцкай працы. Большая частка аўтараў жыве маючы другую працу апроч літаратурнай дзейнасці, і ім вельмі важна ведаць, што іх высілкі і ахвяры нечага вартыя.



Паводле rsliterature.org