Купалаўцы: "Наступнага тэатральнага сезону не будзе"

Размова «купалаўцаў» зь міністрам культуры скончылася заявай: наступнага тэатральнага сэзону ня будзе

«Купалаўцы» паклалі перад міністрам культуры Юрыем Бондарам заявы аб звальненьні, перадае карэспандэнтка Свабоды. Супрацоўнікі тэатру скандавалі міністру «Сыходзь». Яны далі яшчэ адзін дзень, каб Міністэрства прыняло рашэньне, каб аднавіць на пасадзе звольненага кіраўніка тэатру Паўла Латушку — і каб дзейны міністар падаў у адстаўку.

Міністар тлумачыў, што Павал Латушка звольнены законна, а ў тэатра будзе прызначаны кіраўнік ад Міністэрства культуры. Ён і будзе разглядаць заявы аб звальненьні.

Павал Латушка выступіў супраць гвалту МУС над пратэстоўцамі, заклікаў міністра Юрыя Караева звольніцца, а таксама ўзяў удзел у «Маршы Свабоды» 16 жніўня ў Менску. 17 жніўня ён быў звольнены.



Паводле Радыё Свабода