25 квадратных метраў — для музею Васіля Быкава
Сёньня ў Гарадзенскім гарвыканкаме выдадзены ордэр на
памяшканьне для грамадзкага музею Васіля Быкава. Музей створаны мясцовай вэтэранскай
арганізацыяй, бухгалтарка якой Яўгенія Багданава атрымала ордэр разам з
захавальнікам музейнага фонду Аляксеем Дземідовічам.
Паводле спадара Дземідовіча, пакой мае плошчу 25 квадратных мэтраў і
знаходзіцца на адным калідоры з пакоем (13 квадратных мэтраў) вэтэранскай
арганізацыі, дзе цяпер месьціцца музейны збор. Зараз трэба вырашыць пытаньне з
арэнднай платай за новую плошчу — каб яна не была завысокая і вэтэраны маглі б
яе плаціць, кажа ён.
Грамадзкі музэй Васіля Быкава знаходзіцца ў камяніцы пачатку ХХ стагодзьдзя на
пешаходнай вуліцы Савецкай, 31. Пісьменьнік пражыў у Горадні чвэрць
стагодзьдзя, пасьля чаго пераехаў у сталіцу. У горадзе над Нёманам ён напісаў
"Жураўліны крык", "Трэцюю ракету", "Альпійскую баладу",
"Мёртвым не баліць" ды іншыя свае вядомыя творы. Музэй быў створаны
пасьля сьмерці Васіля Быкава ўлетку 2003 году.