Леў Рубінштэйн: "Мы назіраем велічнае, трагедыйнае відовішча"

Вядомы рускі паэт Леў Рубінштэйн звярнуўся да Святланы Алексіевіч з адкрытым лістом. Публікуем яго ў перакладзе на беларускую мову, здзейсненым Барысам Пятровічам.

Святлане Алексіевіч

Дарагая Святлана!

Мне гэтаксама, як і шмат каму, хочацца адказаць на вашае занепакоенае і горкае пасланне на адрас сарамліва маўклівай расійскай “інтэлігенцыі”.

Я ўзяў у двухкоссе гэтае слова, бо яно ўсё больш і больш губляе сваё змястоўнае напаўненне і свае інструментальныя магчымасці. Занадта ўжо шырока, задужа супярэчліва выкарыстоўваецца гэтае слова, залішне беспардонна апрапрыюецца яно рознага роду прайдзісветамі і нягоднікамі, якія прэтэндуюць на сваё выключнае права казаць і дзейнічаць ад імя не толькі “рускай інтэлігенцыі”, але нават і “расійскага народа”.

Гэта слова цэніцца сёння на нашых абшарах не нашмат даражэй, чым абсалютна абясцэненае слова “патрыятызм”.

Дарэчы, пра патрыятызм.

У гэтыя дні на вуліцах і плошчах вашай краіны мы назіраем велічнае, трагедыйнае, бясконца зачароўвальнае відовішча. Мы бачым народ, а не насельніцтва, якое мы, на жаль, бачым вакол сябе.

Мы бачым народ як вольную супольнасць мужчынаў і жанчын розных узростаў, адукацыйных узроўняў і культурных арыентацыяў ды памкненняў, аб'яднаных агульным імкненнем да праўды, да справядлівасці, да сучаснасці. І гэтая аб'яднальная сіла стала раптам мацней за ўсе адрозненні і нават супярэчнасці.

І дзівіць у гэтым перш за ўсё яднанне бясстрашнасці і ўпартасці з прынцыповай, ўнутрана матываванай прэзумпцыяй негвалтоўнасці.

Мы бачым не тых, хто “імкнецца да свабоды”, а ЎЖО СВАБОДНЫХ людзей, што сваім беяспрэцэдэнтнымі сацыяльнымі і эстэтычнымі паводзінамі рэабілітуюць, -- прынамсі, ў маіх вачах, -- слова “патрыятызм”. Калі ў нашыя дні і магчымы ў прынцыпе патрыятызм ў пазітыўным значэнні гэтага слова, дык ён менавіта такі.

Дарагая Святлана.

Я ведаю, што ў апошнія дні вы атрымалі і працягваеце атрымліваць шмат лістоў, падобных да майго. І мне якраз падабаецца, што гэта прыватныя і асабістыя выказванні, а не “звароты групы грамадзянаў”. Калектыўныя звароты таксама патрэбныя і карысныя. І яны ёсць, і я і сам не аднойчы і не двойчы падпісваў падобныя звароты.
Але, паўтараю, няма ніякой “інтэлігенцыі”, і няма ніякога “народа”, а ёсць асобныя людзі, здольныя да розных формаў салідарнасці і эмпатыі, якія валодаюць мовай змястоўных зносінаў адзін з адным.

Я люблю час ад часу працытаваць адно месца з лістоў Чэхава, месца, з якім цалкам салідарны. Вось яно:
“Я веру ў асобных людзей, я бачу выратаванне ў асобных персонах, якія былі раскіданыя па Расіі там і сям -- інтэлігенты яны ці мужыкі, -- у іх сіла, хоць іх і мала". Менавіта так! І сапраўды, іх мала!

Адна з вашых кніг называецца "У вайны не жаночы твар".

У нашыя дні і вы самі, і вашая высокая маральная пазіцыя, і стыхійна ўзніклыя лідэры (лідаркі?) беларускага пратэсту, у тым ліку і тая вашая цёзка, якая, мяркуючы па ўкрадзеных выніках апошніх выбараў, стала прэзідэнтам (прэзідэнткай?) краіны, і цудоўная ды адважная жанчына Маша Калеснікава, і тыя сотні і тысячы дзіўных, незвычайна прыгожых, свабодных і, нягледзячы ні на што, незласлівых жаночых і дзявочых твараў, на якія можна глядзець бясконца, сведчаць пра тое, што ў вайны, магчыма, твар не жаночы, а вось у свабоды, у годнасці, у стваральнай весялосці і ў рашучай пяшчоты твар менавіта жаночы.

На першы ці на другі дзень шматлюдных пратэстаў у Мінску і ў іншых беларускіх гарадах я па свежых уражаннях запісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:

“Беларусь: гарызантальная жаночая рэвалюцыя.
Няхай у іх атрымаецца!”

У вас атрымаецца, я ўпэўнены. Вы пераможаце, радуючы адно аднаго і перамагаючы саміх сябе. Магчыма, не сёння і нават не заўтра, але абавязкова.

Дарагая Святлана! Калі маё пасланне дойдзе да вас, яшчэ раз прыміце ад мяне словы салідарнасці і захаплення -- і вамі асабіста, і вашым дзіўным і бясконца натхняльным народам.

А вам -- здароўя, цярпення і бяспекі. Беражыце сябе.

Пішу вам, паўтараю, не ад імя “інтэлігенцыі”, а ад сябе асабіста, і мне падаецца, што гэта насамрэч нашмат важней.

Ваш Леў Рубінштэйн


Пераклад Барыса Пятровіча