Леанід Дайнека: 80 год з дня нараджэння

Сёння споўнілася б 80 год празаіку, паэту, мецэнату Леаніду Мартынавічу Дайнеку.

Леанід Мартынавіч Дайнека (нар. 28 студзеня 1940, вёска Змітраўка 2-я Клічаўскага раёну Магілёўскай вобласці — 21 жніўня 2019, Мінск) — беларускі пісьменнік. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя І. Мележа (1988) за раман «Меч князя Вячкі», Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя К. Каліноўскага (1990) за творы літаратуры і мастацтва для дзяцей — за гістарычныя раманы «Меч князя Вячкі» і «След ваўкалака».

Скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту (1967). Працаваў старшым рэдактарам на Віцебскай студыі тэлебачання, на Беларускім тэлебачанні. У 1972—1989 — адказны сакратар часопіса «Маладосць», з 1989 — загадчык рэдакцыі паэзіі выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябар Саюза пісьменнікаў з 1970 года.

Першы верш апублікаваў у 1961. Выдаў кніжкі вершаў «Галасы» (1969), «Бераг чакання» (1972), «Начныя тэлеграмы» (1974), «Мая вясна саракавая» (1979), «Вечнае імгненне» (1985), «Сняжынкі над агнём» вершы і паэмы (1989). Аўтар зборніка апавяданняў «Бацькава крыніца» (1976), раманаў «Людзі і маланкі» (1978), «Запомнім сябе маладымі» (1981), «Футбол на замініраваным полі» (1983), «Меч князя Вячкі» (1987), «След ваўкалака» (1988), «Жалезныя жалуды» (1990) і інш.

З 1993 займаўся прадпрымальніцкай дзейнасьцю, заснаваў фірмы «Пасад» і «БелПі».

Памёр 21 жніўня 2019 года.



Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"