Леаніду Галубовічу — 70

У гэтыя складаныя дні, поўныя адвагі і роспачы, святкуе 70-ты дзень нараджэння паэт, эсэіст Леанід Галубовіч. Шмат год Леанід Міхайлавіч аддаў працы ў літаратурных праграмах Беларускага тэлебачання, штотыднёвіку "Лім", легендарнаму часопісу "Крыніца". Апекаваўся спадчынай, публікаваў творы Анатоля Сыса, Міколы Купрэева, Васіля Гадулькі, Васіля Сахарчука, Таццяны Зіненкі.

Галубовіч Леанід нарадзіўся 12.08.1950 г. у вёсцы Вароніна Клецкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння Грыцэвіцкай сярэдняй школы Клецкага раёна (1967), затым слуцкай прафесійна-тэхнічнай навучальні № 97 (1969) працаваў электрыкам на Жабінкаўскім цукровым заводзе. Служыў у Савецкай Арміі (1970-1972). Працаваў электрыкам на прадпрыемствах Слуцка, Жабінкі, Клецка. У 1989 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. З 1989 г. - рэдактар літаратурна-драматычных праграм на Беларускім тэлебачанні. Сябра СП СССР з 1984 г.

Аўтар кніг «Таемнасць агню» (1984), «Споведзь бяссоннай душы» (1989), «Бусел без гнязда» (1989), «Таемнасць споведзі» (1993), «Заложнік цемры» (1994), «Зацемкі з левай кішэні», мініяцюры (1998), «апошнія вершы леаніда галубовіча» (2000), «Сыс і кулуары. Кніга крытычных эсэ» (2010), «З гэтага свету» (2012), "Поўня" (2015).

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць Леаніда Галубовіча з днём народзінаў, зычаць моцнага здароўя, бадзёрасці духу, творчага імпэту, натхнення на новыя кнігі і справы на карысць беларускай літаратуры! 





Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"