Леаніду Левановічу — 80!

Фота: https://www.nv-online.info/
Леанід Кірэевіч Левановіч нарадзіўся 14 верасня 1938 года ў сялянскай сям'і. Скончыў Магілеўскае культасветвучылішча (1956). Працаваў ва ўстановах культуры Дзяржынскага і Касцюковіцкага раёнаў (1956-58). У 1957 паступіў на завочнае аддзяленне факультета журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Служыў на Балтыйскім флоце (1958-61). Пасля дэмабілізацыі перавёўся на стацыянар і скончыў універсітэт у 1963. Працаваў у рэспубліканскіх газетах «Знамя юности», «Сельская газета», «Літаратура і мастацтва» (1963-71). У 1971-74 г. — рэдактар аддзела мастацтва і крытыкі часопіса «Нёман». З 1974 — адказны сакратар, з 1975 — рэдактар аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя». У 1980-82 г.—- галоўны рэдактар літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання. З 1984 — старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1975.

Леанід Левановіч друкуецца з 1955 года. Напісаў кнігі нарысаў «Гаспадар зямлі» (1971), «Зялёны трохкутнік» (1973) пра вёску. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Мадонна з кветкаю» (1976), «Якар надзеі» (1979), зборніка публіцыстыкі «Хлеб і мужнасць» (1987). Прататып аповесці «Валанцёр свабоды» (1983) Ф. Варанішча — удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Аргенціне і Іспаніі, руху Супраціўлення ў Францыі. У цыкле раманаў-хронік пра пасляваенную вёску «Шчыглы» (1986), «Паводка сярод зімы» (1989), «Дзікая ружа» (1993), «Сіняе лета» (1998) імкненне паказаць народную душу, жыццястрйкасць беларускай нацыі, матывы дома і сям'і, працягу роду. Аўтар кнігі «Вяртанне ў радыяцыю» (1997). Напісаў сцэнарый дакументальнага фільма «Дом майстроў» (пастаўлены ў 1973); аднаактовую п'есу «Ці любіце вы грэчку?» (1972), драму «Пасля разводу» (1980, пастаўлена на радыё ў 1981). Аўтар п'есы «Чабор» (1973, апубл. 1980), гераічнай хронікі «Павел і Хуаніта» (1974).

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" далучаюцца да віншаванняў і жадаюць спадару Леаніду добрага здароўя, творчага даўгалецця, натхнення на новыя кнігі!
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"