Лепшыя пераклады гэтага году

26 кастрычніка ў Палацы мастацтва прайшла цырымонія ўручэння прэміі Карласа Шэрмана для перакладчыкаў. Сёлета прэмію ўручылі ў трох намінацыях: пераклад прозы, пераклад паэзіі і пераклад дзіцячай кнігі.

Пераклад прозы:
Сяргей Шупа — Мойшэ Кульбак «Панядзелак» (пераклад з ідышу). Выдавецтва «Вясна», Прага.

Пераклад паэзіі:
Антон Францішак Брыль — Марк Валерый Марцыял «Выбраныя вершы» (пераклад з лацінскай мовы). Выдавец Зміцер Колас, Мінск.

Пераклад дзіцячай кнігі:
Надзея Кандрусевіч — Юя Вісландэр «Ёрдзіс» (пераклад са шведскай мовы). Выдавецтва «Коска», Мінск. 

Кожны пераможца атрымае грашовы прыз у 3000 беларускіх рублёў. У гэтым годзе на галоўную ўзнагароду прэтэндавалі 47 кніг, перакладзеных з 16 моў, сярод якіх ідыш і санскрыт, а таксама турэцкая і японская. Гэта самая вялікая колькасць прэтэндэнтаў за ўсе чатыры сезоны прэміі.

У журы прэміі Шэрмана ўвайшлі: паэтка, перакладчыца, кандыдат філалагічных навук Вера Бурлак, перакладчыца, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Марына Казлоўская, перакладчыца, магістр філалагічных навук Кацярына Маціеўская, філолаг, літаратуразнаўца, крытык Ціхан Чарнякевіч, перакладчыца, пісьменніца, кандыдат філалагічных навук Ганна Янкута.

Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана. Заснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтрСаюз беларускіх пісьменнікаў і Мясцовы дабрачынны фонд «Вяртанне».

У 2018 годзе лаўрэаткай прэміі імя Карласа Шэрмана стала Вера Бурлак за пераклад кнігі Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса». Раней прэмію атрымлівалі Андрэй Хадановіч і Якуб Лапатка.


Беларускі ПЭН-цэнтр