Летнікі з “Будзьма беларусамі!”

Вось і скончыўся навучальны год. Але шмат хто з вучняў не пакінуў сцен роднай школы і на летні перыяд: пачаліся летнікі. І, канечне, грамадска-культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і яе сябры працягваюць ладзіць творчыя сустрэчы для цікаўных.

Так, 8 чэрвеня паэт Міхась Скобла і спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава зладзілі два выступы ў летніку на базе СШ №1 горада Любань Мінскай вобласці. Гэты зацішны гарадок на гістарычнай Случчыне належыць да тых нешматлікіх мясцін у Беларусі, дзе з дэмаграфіяй усё ў парадку. Скажам, у згаданай школе – больш за 1000 вучняў, ва ўсіх класах – па дзве-тры паралелі. Таму сустрэчы праходзілі ў прасторнай актавай зале.

Вучні з захапленнем успрымалі выступы сталічных гасцей, адказвалі на пытанні віктарыны “Беларусь – мая краіна”, дружна падпявалі і “Мой родны кут”, і “Спадчыну”, і “Куру-шчабятуру”.

Падчас сустрэч быў праведзены і міні-рэферэндум. Справа ў тым, што працай ладную частку любаньцаў забяспечвае расійскі алігарх Міхаіл Гуцэрыеў, які скупіў мясцовыя калійныя радовішчы і прадпрыемствы. У сувязі з чым па горадзе пайшла чутка, што Любань неўзабаве могуць перайменаваць у… Гуцэрыеўск. І нібыта на гэта ёсць прынцыповая згода самага высокага начальства. Дык вось, на школьным рэферэндуме ўсе вучні і настаўнікі прагаласавалі за тое, каб назву іх роднага горада ніхто не мянялі. “Любань – ад слова “любоў”, а без любові людзі пражыць не могуць”, – падвяла рысу “падліковая камісія”.

P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з “Будзьма беларусамі!” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!