Літаратурны "Агмень" запалілі ў Гарошкаве

sys_padvorak.jpg

На падворку роднай хаты Анатоля Сыса ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна сабраліся літаратары розных пакаленняў і з розных гарадоў: Гомеля, Мінска, Светлагорска, Рэчыцы ды іншых.

Сёлета фэст набыў статус міжнароднага: сярод выступоўцаў былі беластоцкя беларусы, ганаровыя сябры ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Яўген Вапа і Ганна Кандрацюк. Пані Ганна прэзентавала ў Беларусі сваю новую кнігу “Па Прыпяці па Нобель: рэпартаж з краіны балот і бурштыну”, а таксама распавяла пра свой зборнік эсэ пра Анатоля Сыса.     

Фестываль пачаўся з наведвання вясковых могілак, дзе пахаваны паэт, і ўскладання кветак. 

У літаратурных чытаннях на падворку хаты Сысоў узялі ўдзел Крысціна Бандурына, Васіль Жуковіч, Максім Клімковіч, Георгій Ліхтаровіч, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Яўген Рагін, Віктар Слінка, Усевалад Сцебурака, Сяржук Сыс, Аляксандр Тамковіч, Віка Трэнас, Андрэй Федарэнка, Антаніна Хатэнка і іншыя. 

Выступілі музыканты Зміцер Бартосік і Юры Несцярэнка.

У межах фэсту быў прэзентаваны новы нумар альманаха "Палац", выдаванага Гомельскім абласным аддзяленнем ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".


Віктар Ярац

Памяці Віктара Стрыжака і Анатоля Сыса


Час не пытае ў нас:

калі, каго

з дарог зямных забраць у тыя нетры,

дзе не паклічуць на сустрэчы

ціш і ветры,

і не гукнуць світанні берагоў

дыханнем дзічак груш

і водарам лугоў.


За што караеш, Час, калі дачасна

змаўкаюць сэрцы, галасы, якім

ні цвет вясновы, ні абновы зім --

ні гукам пра жыццё?


А неба -- насцеж.

Але не з тым больш позіркам.

Не з тым...


Тэкст і фота: Віка Трэнас