Літаратурны вэбчасопіс “Літраж” абнавіўся на юбілей
Дата публікацыі: 17.07.2018
6236

Каментуе адзін з стваральнікаў праекта Макс Шчур: “Гэта вельмі важная для нас вяха, доўгачаканы падарунак сабе і чытачам. Сучаснае творчае выказванне мусіць мець адпаведную тэхнічную падтрымку, таму цяпер у нас ёсць мабільная версія, канал у Тэлеграме і магчымасць каментавання праз фэйсбук. Нязменнымі застаюцца рэдакцыя і яе палітыка: свабода творчай думкі, дэцэнтралізацыя літпрацэса і плюралізм меркаванняў”.
Дзесяць гадоў вэб-часопіс ствараўся на валанцёрскіх пачатках, але цяпер з’явілася магчымасць рабіць разавыя ці рэгулярныя ахвяраванні на платформе Patreon, якая падтрымлівае любыя тыпы банкаўскіх картак. Нязменнымі патрэбамі рэсурса застаюцца хостынг і тэхнічная падтрымка, для якіх важны кожны чытацкі рубель.
Акрамя онлайну, часопіс забяспечвае інфармацыйную падтрымку жывым акцыям у рамках праекту Belorution@Mist – чытанням беларускай літаратуры ў Празе, пераважна з удзелам аўтараў. Сёлета ў кавярні Mist ужо выступілі Вальжына Морт, Дзмітры Плакс, Дзмітры Дзмітрыеў, былі прэзентаваныя пераклады Эмілі Дыкінсан на беларускую мову і Максіма Багдановіча на чэшскую, адбылася адмысловая вечарына да стагоддзя БНР. Арганізатары абяцаюць папоўніць сузор’е імёнаў на пляцоўцы ўжо ў верасні. Сачыце за абвесткамі.
Паводле прэс-рэлізу