15 ліпеня - 135 год з дня нараджэння беларускай паэткі Алаізы Пашкевіч (Цёткі)

15 ліпеня (3 ліпеня па новым стылі) спаўняецца 135 год з дня нараджэння нашай знакамітай зямлячкі Алаізы Пашкевіч (Цёткі).
Хто
на Беларусі не ведае светлае імя Цёткі?! Гэта ж трэба было выбраць такі
псеўданім – поўны цеплыні, пяшчоты, блізкага сваяцтва з кожным... Яна,
вялікая дачка беларускага народа, і была такой па жыцці – простай,
зычлівай, вельмі сваёй. Пра тое вам і сёння ахвотна раскажуць на яе
малой радзіме – у вёсцы Стары Двор, дзе жывуць людзі, якія аберагаюць
магілу Алаізы Пашкевіч і захоўваюць у сваёй памяці мноства гісторый пра
дачку мясцовага працавітага селяніна, моцнага гаспадара Сцяпана
Пашкевіча. Тыя згадкі-ўспаміны старэйшага пакалення перадаюцца па
ланцужку радавода і даходзяць да дня сённяшняга, расказвае Дзянніца.
Цётка
– пачынальніца беларускай літаратуры, палымяная рэвалюцыянерка,
змагарка за адраджэнне роднага слова – нарадзілася 15 ліпеня (3 ліпеня
па новым стылі) 1876 года ў фальварку Пешчына. Напярэдадні слаўнай даты
мы пабывалі ў родных мясцінах легендарнай Пашкевічанкі, паспрабавалі за
ваколіцай Бакштаў адшукаць прыкметы былой Пешчыны. Дарэмна... Час
няўмольны. А вось у Старым Двары, дзе таксама стаяў дыхтоўны дом
Пашкевічаў, усклалі на магілу пясняркі букеты палявых кветак, у думках
узгадваючы радкі-пасвячэнне:
Без песень тваіх
пабяднела зямліца,
Па Цётцы і зараз сумуе наш край.
Ідзём да магілы тваёй пакланіцца
За лёс, за душу, адляцеўшую ў рай.
... Дык як жа ўздымалася на свой паэтычны алімп простая сялянская
дзяўчынка Алаіза Пашкевіч? Навучэнка прыватнай вучэльні ў Вільні,
вясковая настаўніца, слухачка Вышэйшых агульнаадукацыйных курсаў П.Ф.
Лесгафта ў Пецярбургу, фельчарка Нова-Вілейскай псіхіятрычнай лячэбніцы,
а падчас імперыялістычнай вайны ў 1915 годзе сястра міласэрнасці ў
ваенным шпіталі ў Вільні – усё гэта яна, Алаіза.
А яшчэ... А.С.
Пашкевіч удзельнічала ў выданні газеты “Наша доля”, выдавала для дзяцей і
моладзі часопіс “Лучынка”, які павінен быў “свяціць братам і сёстрам у
вёсцы беларускай”, арганізоўвала тайныя і легальныя беларускія школы ў
Вільні і Лідзе. Гэта яна, Цётка, выступала ў друку са сваімі творамі
раней за Янку Купалу і Якуба Коласа. І хоць яе літаратурная дзейнасць
абмежавана ўсяго пятнаццаццю гадамі, але паэтычная спадчына пясняркі з
трох кніг – “Скрыпка беларуская”, “Хрэст на свабоду” і “Вершы” –
з’яўляецца сапраўдным духоўным скарбам нашага народа.
“Жыве мая
ліра нанова!” – прадбачыла неўміручая аўтарка “Скрыпкі беларускай”. І
сапраўды, землякі захоўваюць і множаць памяць пра Алаізу Пашкевіч. На
магіле Цёткі 2 ліпеня ўсклалі вянкі, і ўшанавалі светлую памяць паэтэсы,
патрыёткі, змагаркі за лепшы лёс свайго народа. Тут, дзякуючы
астрынскім энтузіястам з Дома культуры, бібліятэк і цэнтра пазашкольнай
работы, адбылася ўрачыстасць – тэатралізацыя па творах Цёткі. І не
выпадкова! Сама Алаіза да ўсяго таксама была актрысай, іграла ў
тэатральных пастаноўках, удзельнічала ў спектаклях батлейкі, запальвала
сэрцы іншых агеньчыкам творчасці.
Дарэчы, цікава прайшлі ў
Астрынскай дзіцячай бібліятэцы “Цёткінскія чытанні”, а ў шчучынскіх
гарадской і цэнтральнай бібліятэках запланаваны літаратурныя гасцёўні
“Яна з намі сёння” і “Жыццё крылатае, як песня”. Дый увогуле ў кожнай з
бібліятэк раёна з нагоды 135-годдзя славутай зямлячкі арганізаваны
літаратурныя святы, выставы або кніжныя паліцы.
– Па добрай
традыцыі мы напярэдадні юбілею Алаізы Пашкевіч аб’яўляем творчы конкурс,
– гаворыць загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай
бібліятэкі імя Цёткі Галіна Станіславаўна Мацюк. – Прыхільнікі творчасці
нашай зямлячкі і на гэты раз даслалі на суд журы багата вершаў,
нарысаў, аповедаў, сцэнарыяў. Пераможцы будуць вызначаны ўжо ў ліпені.
Памяць пра Цётку жыве ў сэрцах землякоў.