Людміла Сіманёнак: Будзем заставацца на баку дабра

Фота lialka.by


З паэткай Людмілай Сіманёнак мы гутарым пасля паказу новага спектакля «Ох і залатая табакерка», што ідзе на сцэне Тэатральна-відовішчнай установы «Беларускі тэатр "Лялька"» ў Віцебску. Для спадарыні Людмілы, як загадчыцы літаратурна-драматычнай часткі, «Лялька» — гэта цэлы сусвет, дзе дабро абавязкова перамагае зло.


— Спадарыня Людміла, як вырашылі звязаць жыццё з тэатрам — і ці адразу атрымалася ў яго «ўліцца»?

— У мяне не было іншых варыянтаў. Тэатр — гэта тое месца, у якім ты або адразу пачынаеш працаваць напоўніцу, або сыходзіш. Яшчэ ў студэнцкія гады захаплялася тэатрам: хадзіла на ўсе спектаклі ў драматычны тэатр імя Якуба Коласа, на сустрэчы, тэатральныя марафоны, сябравала з акцёрамі... Нейкія п’есы ды інсцэніроўкі пісала для самадзейных калектываў. У «Ляльку» прыйшла ў 35 гадоў: гэта ўсё ж такі пазнавата для кіраўніка літаратурна-драматычнай часткі, бо ў цябе сфармаваўся зусім іншы кругагляд. Але з таго часу вось ужо дзесяць гадоў хаджу з квадратнымі вачыма проста ад канцэнтрацыі творчых людзей на невялікую прастору. Не ведаю, як нашы акцёры граюць адразу некалькі роляў, тузаюць лялькі за вяровачкі і не збіваюць адзін аднаго пры выступах... Як яны выдаюць такія эмоцыі, якія перадаюцца гледачам? Хочацца адпавядаць гэтай атмасферы і прынесці нешта сваё, каб артыстам было хоць крыху прасцей.

— Ці складана працаваць у творчым калектыве?

— Ёсць свае асаблівасці. Працаваць тут цікава. А калі цікава тое, што робіш, то на цяжкасцях не канцэнтруешся.

— Чаму Вы паступалі менавіта на факультэт беларускай мовы і літаратуры?

— Скажу шчыра: я збіралася паступаць на факультэт прыкладной матэматыкі. Але калі вучылася ў 10 класе, памёр геніяльны настаўнік фізікі Віктар Сікора, які працаваў у нашай пастаўскай школе. Мае мары, мякка кажучы, накрыліся. Я вучылася ў матэматычным класе, перамагала ў алімпіядах. І калі быў моцны настаўнік фізікі, паступленне было рэальнае. Але пасля мне стала цікавай беларуская мова, гэта быў усё ж такі 1992 год... Тады я ўжо пісала вершы, а ў Паставах было цікавае літаратурнае аб’яднанне, якое ўзначальваў несправядліва забыты пісьменнік Алесь Касцень. Ён быў адзін з заснавальнікаў полацкага аб’яднання «Калоссе». Тады было адчуванне, што Беларусі спатрэбяцца людзі, якія добра будуць валодаць беларускай мовай.

— Адчувалася тады адраджэнне Беларусі?

— Так. Менавіта гэтым адраджэннем Алесь Касцень мяне і натхніў. Хоць дакументы на падрыхтоўчыя курсы я падавала на матэматычны факультэт, але ў выніку пайшла на факультэт беларускай філалогіі ў Віцебску. Гэта быў першы набор на спецыяльнасць, таму патрабаваўся высокі бал пры паступленні. У нас на курсе вучыліся моцныя студэнты, былі цёплыя стасункі паміж студэнтамі і выкладчыкамі. Нас намагаліся вучыць так, каб мы маглі навучаць іншых. Увесь час выкладчыкі ладзілі для нас цікавыя і пазнавальныя сустрэчы з пісьменнікамі, археолагамі, тэатральнымі дзеячамі. Былі і студэнты, якія падчас навучання ўжо былі сур’ёзнымі навукоўцамі.

— А дзе працавалі пасля сканчэння ўніверсітэта?

— Я адпрацавала два тыдні памочнікам педагога-арганізатара ў 8-й гімназіі Віцебска. Там мяне сустрэў Міхаіл Волкаў, геніяльны выкладчык матэматыкі, які ўзгадаў, што я стварала нармальную канкурэнцыю яго хлопцам на алімпіядах, і дапамог уладкавацца ў лужаснянскую гімназію, дзе я была настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Пасля перайшла ў краязнаўчы аддзел абласнога аб’яднання па арганізацыі пазашкольнай работы, дзе працавала пад кіраўніцтвам вельмі цікавага чалавека Алега Куржалава, які арганізаваў школьнае краязнаўства на Віцебшчыне, прычым арганізаваў яго на высокім узроўні. Ім была створана цэлая сетка краязнаўства. Там і адпрацавала каля дзесяці гадоў.

— А чаму сышлі?

— Пачаўся ціск на гэты аддзел як на паслядоўны праваднік беларушчыны. Было відаць, што нічога добрага там ужо не будзе. А пасля сяброўка, якая адпрацавала пятнаццаць гадоў на пасадзе загадчыка літаратурнай часткі ў тэатры «Лялька», змяніла сферу дзейнасці і прапанавала на сваю пасаду мяне. Праз паўгода майго былога начальніка, які не дапрацаваў да пенсіі два гады, знялі і цалкам «аптымізавалі» аддзел. Алег Васільевіч, чалавек без шкодных звычак, які ніколі сур’ёзна не хварэў, праз некалькі гадоў пайшоў з жыцця ад анкалогіі. Ён гэтага не перажыў...

— Чула, што самі Вы публікаваннем уласных вершаў ніколі не займаліся...

— Сапраўды, так. Першы зборнік выйшаў дзякуючы фундацыі газеты «Выбар», якую Барыс Хамайда выдаваў у Віцебску. Там на працягу некалькіх гадоў падчас студэнцтва я выконвала тэхнічную работу, у асноўным, на энтузіязме. У рэдакцыю прыходзілі вельмі цікавыя людзі. Там я пазнаёмілася з мастаком Алесем Пушкіным, паэтам Славамірам Адамовічам, Уладзімірам Плешчанкам (у 1990 годзе стварыў у Віцебску, разам з Барысам Хамайдам, Уладзімірам Падголам, Сяргеем Навумчыкам, клуб «За дэмакратычныя выбары» і газету «Выбар». — Рэд.)... І тады ў Хамайды была нейкая магчымасць выдаць кнігу маіх вершаў невялікім накладам. Укладала яе я, вярстаў мой будучы муж, а мастацкае аздабленне рабіў Алесь Пушкін. «Разгорнуты Сусвет» выйшаў дзякуючы Мікалаю Прыгодзічу, які сябраваў з маімі бацькамі. Выхад зборніка «Забыты шлях» — ініцыятыва Леры Сом... Сама я ніколі не выдавала кнігі. Дый я не ўмею гэтага рабіць...

— Таму ўпарта не хочаце лічыць сябе паэткай?

— Я хутчэй «калялітаратурная дама», як казаў Караткевіч (смяецца).

— Мне падаецца, што да сваіх вершаў Вы ставіцеся неяк несур’ёзна...

— Я мяркую, што мая творчасць — гэта салонная жаночая лірыка... Яна патрэбная ў цёплай кампаніі. Напрыклад, пару гадоў таму мае вершы ўпрыгожылі пленэр, які арганізаваў Алесь Пушкін. Да кожнай карціны я пісала асобны верш. Мастакі пасля распавядалі, што вершы аказаліся сугучнымі таму, што яны хацелі сказаць сваёй творчасцю. Мае вершы — салонныя, на манер Ніны Мацяш, Яўгеніі Янішчыц... Я не лічу патрэбным «насіцца» з імі і прасіць, каб іх недзе надрукавалі.

— Як сышліся з будучым мужам?

— З Сержуком Серабро мы пазнаёміліся ў рэдакцыі газеты «Выбар». А сышліся, напэўна, на глебе агульных інтарэсаў і «падышлі» адно да аднаго характарамі. Мы не раздражняем адно аднаго ў побыце, а гэта, напэўна, самае галоўнае.

— Калі з’явіўся сын, што памянялася ў жыцці?

— Дадалося шчасця, адказнасці дадалося... Што ў Беларусі добра, дык гэта працяглы дэкрэтны адпачынак (смяецца). Пасля доўгіх гадоў працы я стала заўважаць, як узыходзіць сонца і як яно сядае... Пачынаеш ведаць, дзе ў горадзе качкі плаваюць, а дзе — лебедзі, дзе можна катоў пакарміць і якія неверагодныя бабулі жывуць у суседнім двары... Для мяне адкрыўся новы пласт жыцця, якога я раней не ведала. У дэкрэтным адпачынку я правіла свае творы, якія раней нараджаліся ў галаве, пісала прозу. Пасля, калі выйшла на працу, тое, што акумулявалася за гэты час, дало свой плён.

— Якім чынам пішаце цяпер?

— Няма асабліва часу на ўласную творчасць. На працы цяпер раблю пераклад новай п’есы эстонскай пісьменніцы Айно Первік. Здаецца, што праца не дужа складаная. Але энергіі не хапае, бо ўвечары час трэба прысвяціць і сыну.

— Пэўны перыяд Вы ўзначальвалі Віцебскае абласное аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў. Чым запомнілася гэтая дзейнасць?

— Я добра ведала працу Франца Сіўко і ў нечым яму дапамагала, калі ён быў старшынёй нашага Віцебскага абласнога аддзялення Саюза. А калі ён канчаткова вырашыў, што здыме з сябе гэтыя абавязкі, то часова перадаў іх мне. Але тады я ўжо зацяжарыла, стала працаваць у «Ляльцы», дзе быў шасцідзённы працоўны дзень... Цяжка было выконваць яшчэ і грамадскія абавязкі. І калі «знайшлася» Анастасія Лазебная, я была шчаслівая перакласці гэтую ношу ў яе рукі. Добрым кіраўніком такой арганізацыі быць цяжка, а ў Віцебску — пагатоў. Наколькі я ведаю, у Мінску няма такога жорсткага ціску на пісьменнікаў, якія з’яўляюцца сябрамі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Тут суполку дзяржаўнай пісьменніцкай арганізацыі (новастворанага Саюза пісьменнікаў Беларусі) узначальвае асоба, якая не грэбуе тэлефанаваць начальству і пытаць, чаму не звальняюць чалавека: ён жа не ў тым саюзе! Калі я ўладкоўвалася ў тэатр, падобныя пытанні таксама ўзнікалі.

— Ці даводзілася апраўдвацца за тое, што не «ў тым Саюзе?»

— Ніколі нават і ў галаву не прыходзіла гэта рабіць.

— А працу ў тэатры не баіцеся страціць?

— Баюся. Бо такой працы, напэўна, я нідзе больш не знайду. Нідзе мне не будзе так цікава і камфортна, як тут. Але разумею, што ў нашай сённяшняй сітуацыі гэта вельмі рэальна — і трэба быць гатовай да ўсяго.

— Як апошнія грамадска-палітычныя падзеі адбіліся на тэатры?

— Спрабуем рабіць выгляд, што мы — «у доміку» і тое, што сёння адбываецца ў краіне, нас нібыта не тычыцца. Але зразумела, што гэта датычыцца кожнага. Наш тэатр існуе 35 гадоў, ён — адзіны беларускамоўны тэатр лялек у краіне.

Мы не падымаем сацыяльныя тэмы наўпрост. Беларускі тэатр «Лялька» аддае перавагу філасофскаму асэнсаванню свету. Безумоўна, не хацелася б, каб гэтае беларускае асяроддзе было раптам зруйнавана. Але так можа здарыцца. Тэатр лялек — гэта тэатр не столькі пра побыт, колькі пра душу, пра вечнае, пра тое, што не мінаецца. У гэта вечнае ўваходзіць паняцце дабра і зла. Кажуць, што нельга дзяліць жыццё на чорнае і белае. Але ў гісторыі бываюць моманты, калі дабро і зло вельмі матэрыялізуецца і персаніфікуецца. Наш тэатр у любым выпадку будзе заставацца на баку дабра. Спадзяюся, што ён будзе жыць, пакуль будзе патрэбны гледачам.

Новы Час