21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца
Міжнародны дзень роднай мовы. Найлепшы спосаб яго адзначыць — гаварыць па-беларуску.
Да гэтага прымеркаваны першы этап Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі. Ён пройдзе ў офісе грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ).
«Улічваючы, што сёлета юбілеі Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка, мы прапануем пісаць дыктоўку менавіта паводле іх твораў», — паведаміў БелаПАН кіраўнік ТБМ Алег Трусаў.
Ахвотных запрашаюць у офіс ТБМ, а 17.30.
«Напісаць дыктоўку можа любы ахвотнік. Калі збярэцца шмат такіх людзей, дыктоўка пройдзе ў два, тры этапы.
Акрамя таго, мы разаслалі ў большасць пасольстваў замежных дзяржаў у Беларусі запрашэнне ўзяць удзел у гэтым мерапрыемстве.
Звычайна прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса нам у сваёй прысутнасці не адмаўляюць», —
заўважыў кіраўнік ТБМ.
У рэгіёнах даты і месца правядзення дыктоўкі вызначаць мясцовыя структуры ТБМ.
Агульнанацыянальная дыктоўка праводзіцца ў Беларусі пяты год запар з ініцыятывы філосафа Уладзіміра Падгола.
Мэта акцыі — дэманстрацыя павагі да роднай мовы. Першы раз дыктоўка была арганізавана 25 сакавіка 2008 года, яе прымеркавалі да 90-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Найлепшы спосаб асабіста ўшанаваць родную мову ў гэты дзень (як і ва ўсе іншыя дні) — гаварыць, чытаць і пісацьпа-беларуску ў сям’і і ў грамадзе.
Дык са святам!
nn.by