19 лютага – Прэзентацыя аўдыёдыска “Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі”

Прэзентацыя аўдыёдыска «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі» з казкамі ад Сяргея Вітушкі ды спевамі ад удзельнікаў праекта пройдзе 19 лютага (нядзеля) а 14:00 у мінскай кнігарні “логвінаЎ” (пр.Незалежнасці, 37а). 

Пра праект:

Вядомыя выканаўцы, паэты і пісьменнікі, акторы, артысты і адзін дыпламат узялі ўдзел у сумесным праекце інтэрнэт-парталу Tuzin.FM ды Беларускага Радыё Рацыя «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі». Праект складаецца з 12 казак аўтарства Сяргея Вітушкі ў выкананні вядомых у Беларусі асобаў і прысвячаецца ўсім, хто верыць у свае сілы, незалежна ад узросту і абставінаў.

Трэк-ліст праекта «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі»:

Алег Хаменка — Залатое яечка

Ганна Хітрык — Вадзіца жывая-мёртвая

Лявон Вольскі — Як Дзед-Мароз новае свята прыдумаў

Адам Глобус — Казка на Дзень горада

Зміцер Вайцюшкевіч — Казачка на вербную нядзельку

Тамара Лісіцкая — Казачка на Дзень Святога Валянціна

Андрэй Хадановіч — Вільнюсь

Алесь Камоцкі — Казачка пра Цмока Базылішка

Стэфан Эрыксан — На Купалле

Уладзімір Арлоў — Казка пра Герб

Зінаіда Бандарэнка — Казка пра Гімн

Сяргей Сокалаў-Воюш — Казка пра Сцяг

 

Крыху пра аўтара. Сяргей Вітушка — пісьменнік, гісторык, актор, журналіст, адзін зь лідэраў нефармальнага моладзевага руху ў 80-х гадах. Кіраваў суполкай «Талака», якая займалася аховай помнікаў гісторыі і архітэктуры, адраджэннем народных святаў, ладзіла экалагічныя акцыі і культурныя мерапрыемствы, змагалася за стварэнне беларускіх класаў і школ. З 1991 году жыве ў Вільні, браў удзел у стварэнні беларускай гімназіі, дзе працаваў настаўнікам. Вымушаны быў спыніць актыўную дзейнасць праз праблемы са здароўем. У 2011 годзе была выдадзена кніга казак яго аўтарства “Дзінь-дзілінь: Пара гуляць у казкі”. 

 

Паводле кнігарні логвінаЎ