“Маўклівасць. Гучная цішыня”: у Дрэздэне праходзіць выстава з удзелам беларускіх паэтаў

У адным з экспазіцыйных павільёнаў Дрэздэнскага дзяржаўнага музея – Японскім палацы – адкрылася цікавая экспазіцыя твораў візуальнага мастацтва пад назвай “Маўклівасць. Гучная цішыня”. Сярод удзельнікаў – беларускія паэты Дзмітры Строцаў і Анатоль Івашчанка. 

Як можна гаварыць пра, здавалася б, невымоўныя рэчы? Як грамадства пераадольвае стан бязмоўнасці пасля перажыванняў, стратаў і гвалту? Калектыўныя траўмы – вайна, генацыд, пераслед і высылка – пакідаюць глыбокія сляды ў памяці пакаленняў. Яны ўплываюць на пачуцці, думкі і ўчынкі людзей. Агульнае для ўсіх – гэта пошук мовы, якая перадае гэты досвед пры дапамозе слоў.

У адным з экспазіцыйных павільёнаў Дрэздэнскага дзяржаўнага музея – Японскім палацы – адкрылася цікавая экспазіцыя твораў візуальнага мастацтва пад назвай “Маўклівасць. Гучная цішыня” („Sprachlosigkeit. Das laute Verstummen“). 

Як адзначаецца на сайце музея, выстава разглядае розныя перажыванні гвалту з глабальнай і, адначасова, асабовай перспектываў. Літаратура і паэзія, творы мастакоў і грамадскіх актывістаў, а таксама гісторыі, якія стаяць за аб'ектамі Дзяржаўнай этнаграфічнай калекцыі Саксоніі, сплецены разам, каб суаднесці гэтыя перажыванні паміж сабой. Выстава, абапіраючыся на паэтычную ўстойлівасць літаратуры, даследуе спосабы пераадолення цішыні, якая працягвае ўплываць на сучаснае жыццё. Такі падыход становіцца відавочным на сценах экспазіцыі: ён суправаджае выставу і каментуе яе. Пры вывучэнні адпаведных гістарычных і сацыяльных прычын мова становіцца шляхам і метадам эмпатычнага запамінання.

Сярод паэтаў, чые тэксты сталіся аб’ектамі для візуалізацыі, – як класікі аўстрыйскай і нямецкай літаратур (Інгеборг Бахман, Паўль Цэлан), так і сучасныя аўтары (Мэй Аім, Марэн Камес, Марван Алі, Марыя Сцяпанава). Беларускую паэзію прадстаўляюць паэты Дзмітры Строцаў (пераклад Андрэаса Вайе) і Анатоль Івашчанка (пераклад Кацярыны Нарбутовіч). 
Выстава будзе доўжыцца да жніўня 2021 г.

Паглядзець іншыя выявы з выставы можна тут: https://we.tl/t-a5LrnpiaF9


Анатоль Івашчанка

палімпсэсты

накладаюцца новыя імёны
запісваюцца новыя назовы
слой за слоем
паўзьверх старых…
мы – палімпсэсты
і хто цяпер скажа
калі была тая tabula rasa



Дзмітрый Строцаў

Беларуская медытацыя


цярпенне

час працуе на нас

адзіны рытм краіны

удых
выдых

удых выдых

з драконам размаўляць нельга
на мове гвалту

на ягонай мове

толькі псіхіятр

не забіваць

толькі доўгае жыццё

на ферме
на свінаферме

дзе цмок у сябе
як дома

размаўляць з людзьмі

з чыноўнікамі
з вайскоўцамі
з дактарамі

з людзьмі

размаўляць між сабой
шукаць агульную мову

новую

з даверам і надзеяй
з любоўю

дыхаць на поўныя грудзі
аднымі грудзямі

усёй краінай

удых выдых

удых
выдых

час працуе на нас

цярпенне


(Пераклад з рускай Андрэя Хадановіча)




Дрэздэнскі дзяржаўны музей, SKD, Фотаздымкі Георга Фрыке