«Мая муза — беларусачка»

Ніл Гілевіч. Фота: novychas.by
Серыя кніг, прысвечаных найлепшым здабыткам айчыннай паэзіі, серыя, у зборнікі якой уваходзіць заўжды не болей за 100 твораў, выдаецца з 2017 года. Ужо ўбачылі свет кнігі Міхася Стральцова, Пімена Панчанкі, Яўгеніі Янішчыц, Аркадзя Куляшова, Генадзя Бураўкіна, а таксама калектыўныя зборнікі.

«Мая муза – беларусачка» Ніла Гілевіча адкрываецца вершам, які быў напісаны ў 1947 годзе, – «Першая клятва (Родная мова)». А завяршаецца кароткім, лаканічным вершам з 2000 года «Вы, пэўна, лічыце...»:
Вы, пэўна, лічыце, што ў гэты свет
Я і прыйшоў для баявога чыну.
О не, сябры! Мне Божы запавет
Быў іншы – славіць сонца і жанчыну.
Але Радзімы ўкрыжаваны лёс,
І для самога Бога неўспадзеўку,
Маю душу на барыкады ўзнёс,
Дзе і трапечацца яна на дрэўку.

Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч пакінуў пасля сябе багатую творчую спадчыну. Дзясяткі кніг вершаў, паэм і сёння знаходзяцца ў полі зроку беларускага чытача. Нават зусім не паэтычны час, калі кнігі з вершамі маюць невялікія тыражы, не забірае ўвагу ад сапраўднай паэзіі. І кнігі, падобныя да зборніка «Мая муза – беларусачка», паверце, чытаюцца як адзін суцэльны твор. Твор, дзе галоўным персанажам з'яўляецца родная краіна – Беларусь.

Мікола Берлеж «Звязда»