Мемуары Гарэцкага, беларускае фэнтэзі і кніга для невідушчых дзетак

1. Успаміны Радзіма Гарэцкага
Глеб Лабадзенка, які арганізаваў збор сродкаў на кнігу піша:
Акадэмік Радзім Гарэцкі – доктар геолага-мінералагічных навук. Сын геолага Гаўрылы Гарэцкага, аднаго з заснавальнікаў Акадэміі навук Беларусі. Пляменнік класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Радзім Гарэцкі ўсё жыццё займаўся навуковай дзейнасцю, пэўны час быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук. Пасля Перабудовы заняўся грамадскай дзейнасцю, быў гарачым прыхільнікам незалежнасці Беларусі. Разам з Рыгорам Барадуліным і Генадзем Бураўкіным быў суарганізатарам Усебеларускага з'езда за незалежнасць. Узначальваў Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”
Ахвяраваць грошы з беларускай карткі можна праз сайт molamola. Па пытаннях атрымання асобнікаў і пераводу грошаў з-за мяжы трэба пісаць Глебу Лабадзенку на мэйл labadzenka@gmail.com
2. Асаблівая кніга
Сацыяльна-культурная ўстанова «Моцарт» хоча выдаць шрыфтам Брайля казку выдатнай дзіцячай пісьменніцы Алены Масла «Мяне завуць Лахнэска» у аздабленні вядомай мастачкі Аксаны Аракчэевай:
Яе можна будзе не толькі прачытаць, але і ўбачыць яе казачнага героя. Скажаце: знайшлі дзіва! Звычайная кніга з малюнкам. Не звычайная. Бо чытаць гэтую кнігу і бачыць яе героя будуць не вачыма, а пальчыкамі. Кнігу мы робім для невідушчых дзетак. А малюнак у кнізе будзе не толькі яркі і маляўнічы, але, галоўнае, – рэльефны, «цёплы» на дотык – як і рукі майстроў, на чале з нашым добрым сябрам Наталляй Наземцавай, што зробяць яго. Такі малюнак «убачаць» дзеці з парушэннямі зроку тактыльна, памацаўшы ручкамі
Дадаткам да кніжкі стане дыск з аўдыёзапісам казкі ў выкананні Народнага артыста Беларусі Віктара Манаева.
Арганізатары абяцаюць, што кніжку атрымаюць усе школы, дзе вучацца дзеці з парушэннямі зроку.
Ахвяраваць на выданне можна на сайце сацыяльна-культурнай установы «Моцарт»
Імя кожнага спонсара абавязкова будзе пазначана ў кнізе. А тых, чый унёсак будзе большым за 50 рублёў, чакае асобны падарунак – аўдыёдыск з запісам казкі і з аўтографамі аўтара, мастака і артыста.
Увага! Указвайце ў плацежным дакуменце код праекта – 15, а таксама сваё імя і прозвішча.
3. Святлана Аўдзейчык, «Кніга Здольных»
Фэнтэзі шмат не бывае, а па-беларуску – тым больш! Святлана Аўдзейчык узялася за справу няпростую: напісаць такую кнігу. Ці атрымалася ў яе, можна зразумець толькі прачытаўшы. Пакуль на Ulej.by ідзе збор на першую частку трылогіі.
Між іншым, «Кніга Здольных» увайшла ў паўфінал міжнароднага конкурсу «Новая дзіцячая кніга – 5» у намінацыі «Фэнтэзі. Фантастыка. Прыгоды»
Каманда, якая працуе над кнігай: Святлана Аўдзейчык (аўтарка), Юля Кароткая-Адаменка (мастачка), Віктар Жыбуль (рэдактар).Аўтарка праекта абяцае, што «вы атрымаеце не проста неверагоднае фэнтэзі на беларускай мове, а кнігу, якая стане падзеяй у вашым жыцці... Асаблівы, характэрны для фэнтэзі, непаўторны свет чараўніцтва і таямніц, які дазволіць вам апынуцца ў Ларборы – ізаляванай дзяржаве, грамадства якой падзелена на два класы. Здольныя і бездары існуюць ва ўмовах узаемнай варожасці».
Ахвяраваць на кнігу можна на сайце ulej.by