«Я з палескага сяла…» Мікалаю Пацеюку – 80!

Выступае Мікалай Пацяюк (справа), фота: http://maloritalib.by
Мікола Пацяюк нарадзіўся 24 снежня 1938 года ў вёсцы Ляхаўцы Маларыцкага раёна. Служыў на флоце, закончыў Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча і Брэсцкі педінстытут. Паводле слоў самога Мікалая Іванавіча, “тры гады бадзяўся па морах і акіянах і паўвеку слугаваў школе, дзецям, роднаму краю”. Выдаў зборнікі вершаў “Мелодыя сэрца”, “Душой не пакрывіць”, “З-пад буслінага крыла”. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Словамі, вынесенымі ў загаловак, адкрываецца другі па ліку зборнік паэта. І гэта не скрушнае: “Прабачце, бо я з глухога палескага сяла!”, а ўдзячнае, з гонарам: “Я сын гэтай зямлі! Мяне выгадавала палеская вёска!”
 
Бацька Міколы загінуў на вайне, хлопчык зведаў усё, што выпала на долю ягоных аднагодкаў, але сэрца будучага паэта не стала жорсткім, у ім  нарадзілася і песцілася здольнасць бачыць адметнае і прыгожае. Як у вершы пра першы снег: 

Вішні белыя ў рады.
А па сцежцы ўздоўж садочка
З боку левага сляды,
З боку правага – слядочкі.

Міла, хораша... Адразу паўстае ва ўяўленні  шчаслівая маці – за руку з гарэзным дзіцём. Напэўна, у  школу або ў дзіцячы садок накіраваліся…
Свой паэтычны аповед Мікола Пацяюк вядзе няспешна, вольна. Яго верш адрозніш нават зрокава: ён цэльны, няма падзелу на строфы. Радкі шырокія, амаль што на ўсю прастору старонкі. Думка не абрываецца пасярод радка, што надае вершу асаблівую напеўнасць. Гэта ў тым ліку і пра Міколу Пацеюка пісаў Уладзімір Караткевіч у сваім знакамітым нарысе “Зямля пад белымі крыламі”: “…Колькі паветра набрана ў лёгкія, столькі і аддадзена, шчодра, да апошняга, нават з лішнімі словамі, каб мелодыя сказа была завершана”. 

У Міколы Пацеюка мяккі народны гумар. Свой, не на ўзроўні анекдотаў. Паспрабуй не ўсміхнуцца, калі чытаеш: 

Не пытайся ты, суседка, у мяне
Пра здароўе: тут прыцісне, там – кальне.

І ў ацэнцы сваіх паэтычных набыткаў паэт таксама іранічны:

Не майстар я славесных выкрунтасаў,
Мой верш не прэтэндуе на вякі;
Я ўсім, хто здольны падкаваць Пегаса,
Гатоў трымаць падковы і цвікі.

Вось каб усе, хто спрабуе нешта рыфмаваць, гэтак жа крытычна  адносіліся да сваёй творчасці!.. 

Апошнім часам Мікола Пацяюк захапіўся перакладамі валынскіх паэтаў, неаднаразова друкаваўся ва ўкраінскім Луцку. Любімыя аўтары – Ніна Горык і Таццяна Якавенка. А яшчэ лёгка, на зайздрасць маладым, ён асвоіў камп’ютар, упэўнена адчувае сябе ў інтэрнэтпрасторы. Сваю жыццёвую пазіцыю паэт абазначыў наступнымі радкамі:

Не зачарсцвець, не скіснуць, не астыць,
Не пакрывацца цвіллю год ад году.
Бо для чаго тады, скажыце, жыць,
Калі ў жыцці не бачыць асалоду.

Творчага Вам і жыццёвага даўгалецця, шаноўны Мікалай Іванавіч!


Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуе Мікалая Іванавіча Пацеюка з пашанотным юбілеем і зычыць моцнага здароўя, добрага настрою і поспехаў у творчасці!


Мікола СЯНКЕВІЧ, для lit-bel.org