Міколу Гілю — 85!

Мікола Гіль. Фота: svaboda.org
Мікола Гіль (сапр. Мікалай Сымонавіч Гілевіч) нарадзіўся 15 чэрвеня 1936 года ў сялянскай сям’і Сымона Пятровіча і Кацярыны Міхайлаўны Гілевічаў, бацька быў старшынёй Слабодскага сельсавета. Усяго ў сям’і было васьмёра дзяцей, у т. л. Ліна, Леў (Леўка), Нінел, Іда (Ідзея), двайняты Мікалай і Святлана, Марат, Сальвір (Алесік). 

У 1959 годзе скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў рэдактарам перадач для дзяцей на Мінскай студыі тэлебачання (1960—1961), у часопісах «Родная прырода» (1972) і «Маладосць» (1972—1977). Большая частка працоўнай біяграфіі звязана з газетай «Літаратура і мастацтва» (1961—1972, 1977—2002; у 1990—1997 гадах галоўны рэдактар выдання). У 2004—2008 гадах — галоўны рэдактар часопіса «Мастацтва».

Як журналіст пачаў друкавацца ў 1952 годзе. У 1962 годзе ў часопісе «Бярозка» з’явілася яго першае апавяданне «Новенькі і кукса». Аўтар шэрагу кніг. Сябра ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў". Жыве ў Мінску.

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць Міколу Гіля з нагоды юбілею, зычаць яму моцнага здароўя, даўгалецця, бадзёрага настрою, натхнення, плёну ў працы і ўдзячных чытачоў!


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"