Міколу Яцкову — 60!

Сёння святкуе свой дзень нараджэння паэт, кампазітар, публіцыст, старшыня Магілёўскай абласной філіі СБП Мікола Яцкоў.

Мікалай Адамавіч Яцкоў нарадзіўся ў 1959 годзе ў Магілёве. Гадаваўся ў в. Даманы Шклоўскага (цяпер Дрыбінскага раёна). Скончыў Магілёўскае культасветвучылішча імя Н. К. Крупскай, а потым Мінскі інстытут культуры. Служыў у войску.

З 1981 года працуе дырэктарам Брылеўскага сельскага Дома культуры Магілёўскага раёна. Піша вершы і песні. Выступае як паэт. З’яўляецца аўтарам зборнікаў паэзіі “Кракаўскія сшыткі”, “Хрышчацік”, “Міколавы прыпеўкі”, а таксама песенных зборнікаў "Гронка бэзу" на вершы Тамаша Ляшонка, "Знічка" на вершы Івана Карэнды, “На вайсковыя матывы” (на вершы Я. Купалы), “Твае далоні” (на вершы А. Пысіна), “Птушка залатая” (на вершы А. Куляшова), “Вяртанне” (на вершы Р. Баравіковай) і інш. Пераклаў на беларускую мову і выдаў зборнікі вершаў А. Аўруціна “Лінія лёсу” (з рускай) і Б. Хендэрсана “Лонданская ноч” (з англійскай).

Актыўна выступае як кампазітар-песеннік. Напісаў каля 1000 песен на вершы М. Багдановіча, В. Барадзіна, Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна, Ю. Візбара, Н. Гілевіча, С. Грахоўскага, С. Дзядушкі і шмат інш.

У ліпені 2003 года прадставіў тры канцэртныя праграмы на вершы беларускіх паэтаў на міжнароднай сустрэчы "Беларускі Трыялог" у г. Крынкі (Польшча). У красавіку 2012 году абраны старшынём Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.


Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць Міколу Адамавіча з днём нараджэння і зычаць моцнага здароўя, бадзёрага настрою, натхнення на новыя кнігі!



Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"