Імпрэза ў гонар Анатоля Вярцінскага прайшла ў Магілёве

Анатоль Вярцінскі

Прыхільнікі творчасці знакамітага беларускага паэта, у іх ліку сябры гарадскога Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, сабраліся ў чытальнай зале Цэнтральнай гарадской бібліятэкі.

Тамара Аўсяннікава, Карына Бурачэўская, Васіліса Кухцікава

Кіраўнік клуба і вядучая, пісьменніца, сябра СБП Тамара Аўсяннікава ў самым пачатку перадала прывітанне і найлепшыя пажаданні ад спадара Вярцінскага.

Кацярына Волкава, Лізавета Дзеручэнка, Алена Быкава, Валерыя Пастушэнка

Распавяла, што ў размове з Анатолем Ільічом яны ўзгадалі радкі з “Апокрыфа” Максіма Багдановіча:  “…добра быць коласам; але шчасліў той, каму давялося быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?”

На пачатку была паказаная мультымедыйная прэзентацыя пра жыццё і творчасць спадара Анатоля.

У выкананні ўдзельнікаў “Святліцы” Крысціны Башарымавай, Карыны Бурачэўскай, Алены Быкавай, Кацярыны Волкавай, Лізаветы Дзеручэнка, Васілісы Кухцікавай, Аліны Малахавай, Валерыі Пастушэнка, Валерыі Пухляковай і Таісы Саранчуковай прагучалі радкі з твораў “Песня пра хлеб”, “Паэма віны”, “Рэквіем па кожным чацвёртым”, а таксама вершы “Балада пра спаленую вёску і жывога пеўня”, “Жаночая гордасць”, “Я фільм глядзеў. Там Спартака распялі”, “Эдзіт Піяф хоча любві”, “Акіян і лужына”, “Позірк з космасу”, “Сустрэча на Паркавай магістралі”, “Гавары са мной ласкава”, “Дзве паралельныя прамыя" і іншыя.

Аліна Малахава, Крысціна Башарымава, Валерыя Пухлякова, Таіса Саранчукова

Вялікія апладысменты выклікаў верш “Поезд справядлівасці”, прысвечаны Васілю Быкаву.

Тамара Аўсяннікава распавяла пра супрацоўніцтва паэта з беларускімі кампазітарамі. Прагучалі песні: Эдуарда Ханка “Два полі” ў выкананні вакальнай групы брыгады армейскага спецназа; Яўгена Глебава “Пасля салюта наступае цішыня” ў выкананні Віктара Вуячыча;  Ігара Лучанка “Песенька пра бусла” ў выкананні дзіцячага хора пад кіраўніцтвам В. Папова.

 

Ул. інф. Магілёўскага абласнога аддзялення СБП

Фотаздымкі Надзеі Бацілавай і Алеся Сабалеўскага